Tribuna/Лёгкая атлетыка/Блогі/Савецкая ідылія ад лёгкаатлета-беларуса з 60-х: ягоны бацька памёр у ссылцы з-за даносу, сам здаў звычайных мужыкоў «чэкістам»

Савецкая ідылія ад лёгкаатлета-беларуса з 60-х: ягоны бацька памёр у ссылцы з-за даносу, сам здаў звычайных мужыкоў «чэкістам»

Добрыя былі часы.

Аўтар — bytribuna com
17 лістапада, 08:23
Савецкая ідылія ад лёгкаатлета-беларуса з 60-х: ягоны бацька памёр у ссылцы з-за даносу, сам здаў звычайных мужыкоў «чэкістам»

У Беларусі квітнее аўтарытарызм рэжыму Лукашэнкі – а разам з ім, як неадʼемная частка, «стукачы» і даносчыкі, якіх у нармальным жыцці асудзілі б за абразы і паклёп. Зрэшты, нічога новага – беларусы жылі так большую частку XX стагоддзя ў складзе СССР, аматары якога аддаюць перавагу не ўспамінаць гэтую частку савецкай паўсядзённасці. Аднак жа ім часам нагадваюць – а дапамагаюць у тым ліку інтэрвʼю са спартыўнымі героямі далёкіх гадоў.

Вось, напрыклад, 93-гадовая жыхарка Мінска, былая лёгкаатлетка Лізавета Ермалаева ўспомніла, як у дзяцінстве ад голаду напісала ліст да дыктатара Іосіфа Сталіна, у адказ на што савецкія «сілавікі» забралі ейных бацькоў – добра яшчэ (рэдкі выпадак), вярнулі, а яны вінаватай палічылі не сістэму, а дачку. Зрэшты, тое было ў расійскім горадзе Ворсма.

Але цяпер у нас ёсць непасрэдна беларускія «выдатныя» прыклады – дзякуючы свежаму інтэрвʼю 80-гадовага Уладзіслава Сапеі. Ураджэнец Вілейкі ўварваўся ў вялікі спорт у 24 гады: да таго былі дзяцінства без секцый, два з паловай гады ў арміі і факультэт фізвыхавання гомельскага педінстытута, пасля – раптоўная перамога на спартакіядах БССР і СССР на дыстанцыі 100 метраў, рэкордныя для Еўропы 10 секунд роўна на чэмпіянаце СССР-1968 (ніхто з беларускіх спрынтараў да гэтага часу нават не паўтарыў гэты вынік), правал на Алімпіядзе-1968 праз траўму напярэдадні і срэбра ЧЕ-1969 у эстафеце як вяршыня. Пасля гэтага Сапея пераехаў да жонкі ў Маскву, дзе праз пару гадоў скончыў з бегам праз траўмы, але пабудаваў трэнерскую карʼеру, а сярод ягоных падапечных былі чэмпіёны свету і АГ.

У цяперашнім інтэрвʼю Сапея распавёў пра трагедыю дзяцінства – высылцы на Калыму бацькі, польскага афіцэра (Вілейка – частка Заходняй Беларусі, якую адхапіў СССР у 1939-м па змове з гітлераўскай Нямеччынай). Як аказалася, усё адбылося тыповым для савецкіх гадоў спосабам з прычыны чужой зайздрасці.

- Калі прыйшлі немцы, бацьку сказалі: ці ты пойдзеш працаваць, ці тваю сямʼю адправяць у Нямеччыну. Выбар быў зразумелы. [Калі горад займалі савецкія войскі], бацька мог сысці з немцамі, але не стаў, таму што ён нікога не забіў, нават не страляў. А мама мая была вельмі прыгожай жанчынай і падабалася нашаму суседу – партызану дзядзьку Івану. І ён напісаў данос. За татам неўзабаве прыйшлі, саслалі. Праз год памёр ад пароку сэрца. Маці потым замуж так і не выйшла, – прызнаўся Сапея.

Экс-спрынтар дадаў, што на піку ягонай карʼеры ў канцы 1960-х пры афармленні дакументаў на выезд за мяжу яго выклікалі ў КДБ і на словах папрасілі прабачэння – «маўляў, не трымай зла, час быў такі, а твайго бацьку мы рэабілітавалі». Вось такая топ-справядлівасць.

Але тут варта ўлічыць, што да моманту «выбачэнняў» Сапея ўжо быў у КДБ відавочна на добрым рахунку – таму што і сам зрабіў прыкладна тое ж, што «дзядзька Іван». У 1966-м «чэкісты» выклікалі бегуна ў роднай Вілейцы – сказалі, што «добра сябе паказаў у арміі», таму ёсць прапанова. Сапея яго прыняў – і, падобна, не пашкадаваў.

– [Супрацоўнік КДБ сказаў]: «У Вілейцы будуецца абʼект, ніхто не павінен ведаць які. А «Голас Амерыкі» паведамляе, што гэта цэнтр для далёкай сувязі падводнага флоту. Аднекуль яны даведаліся. Ты, Слава, мясцовы, усюды бываеш. Калі пачуеш якую-небудзь размову пра гэты абʼект, то дай ведаць». Вось так я і злавіў двух мужыкоў. Яны, вядома, шпіёнамі не былі. Проста хацелі нешта сперці адтуль і потым прадаць, – шчыра гаварыў Сапея.

За такую супрацу з «гэбістамі» бягун атрымаў адказную «паслугу» праз паўгода, калі памерла маці – яму ўзгаднілі цырымонію развітання ў цэнтры горада і выпісалі «матэрыяльную дапамогу» у 100 савецкіх рублёў (у раёне сярэдняга месячнага заробку).

Ну а ў якасці гэтакага «бонуса» Сапея ў інтэрвʼю прызнаўся, што не меў нічога супраць допінгу – маўляў, сам не прымаў толькі таму, што не давалі, затое потым забяспечваў падапечных.

- Вось у мяне вучань быў, я яму пагоны зрабіў і кватэру ў Маскве прабіў. Добры спрынтар. Ён у мяне [анабалічны стэроід] нерабол ужываў. У пачатку сезона цісне 80 кг, потым за месяц глынае 30 таблетак – і да канца месяца ў яго ўжо 120 кг, хоць спецыяльна сілавой падрыхтоўкай не займаецца, – пахваліўся Сапея, якому гэта ніяк не перашкаджае лічыць сябе «нядрэнным трэнерам».

У Савецкім Саюзе і так было можна. Хаця і ў сучаснай Расіі, мяркуючы па допінг-скандалах, гэтую практыку незвычайнай не назавеш.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты