Усе навіны

Кацярына Сныціна: «Перастала думаць, калі ўсё скончыцца»

24 снежня 2022, 12:19

Беларуская баскетбалістка Кацярына Сныціна распавяла пра свой эмацыйны стан у вымушанай эміграцыі.

— У мінулым годзе вы тыдзень не карысталіся сацсеткамі пасля смерці Зельцэра. А ў 2022-м?

— Навучылася лепш спраўляцца з эмоцыямі. Магу менш спажываць навін у нейкі прамежак часу. Бывае, што проста перагледжу ўвечары ўсё, што здарылася за дзень, каб не чытаць штогадзіну.

— Які зараз ваш эмацыйны стан?

— Я магу ўявіць сябе ў Мінску, у асяроддзі беларусаў, у тым ліку новых сяброў, з якімі пазнаёмілася за апошнія два гады. І гэтая візуалізацыя праходзіць для мяне без болю. Ведаю, некаторым знаёмым фатаграфіі родных мясцін, вуліц у Беларусі ў рэальным часе прыносяць сум, самоту. А мяне гэта не мучыць.

Перастала думаць, калі ўсё скончыцца. Проста ёсць мэта — вярнуцца ў свабодную краіну. У мяне так раней было з алімпійскімі медалямі. Іх заўсёды прыгожа прэзентавалі, мне падабалася глядзець, як будуць выглядаць узнагароды Гульняў. Потым я да іх імкнулася падчас турніраў — як да фінішнай рысы (жаночая зборная Беларусі па баскетболе выступала на Алімпіядах у 2008 і 2016 годзе. — Tribuna.com). Цяпер таксама ідзе гульня. І мы працягваем змагацца.