Усе навіны

Экс-гулец НБА Энес Кантэр Фрыдам: «Леўчанка – герой. Гэта адна з наймацнейшых жанчын, якіх ведаю. Дзякуючы ёй пачаў вывучаць тое, што адбываецца ў Беларусі»

1 траўня 2023, 11:19

Экс-гулец НБА Энес Кантэр Фрыдам у інтэрв'ю «Зеркалу» выказаўся пра сітуацыю ў Беларусі, мужнасць Леўчанкі.

– Якое ваша стаўленне да вайны ва Украіне і ролі Беларусі ў расійскім ўварванні?

– Пуцін пагражае не проста асобнай краіне ці мільёнам мужчын, жанчын, дзяцей, якія пацерпяць. Ён пагражае самой канцэпцыі свабоды. Калі Пуцін даб’ецца поспеху ва Украіне, то дасць магчымасць капіяваць сябе незлічоным дыктатарам і аўтарытарным пераймальнікам. Свет павінен дзейнічаць неадкладна. Вырашаецца будучыня Еўропы і ўсяго свету. Усе санкцыі супраць Расіі зараз неабходна распаўсюдзіць і на рэжым Лукашэнкі. Ён уцягнуў Беларусь у вайну, якую народ не прымае.

– Што вы ведаеце аб сітуацыі ў Беларусі?

– Я магу назваць гэта чарговай дыктатурай. У Лукашэнкі адна мэта –зрабіць Пуціна шчаслівым. Самаабвешчаны беларускі дыктатар –пакаёвы сабачка Пуціна. У вашай краіне няма свабоды слова, няма свабоды пратэсту, а ў турмах церпяць сотні палітвязняў.

– Як у вас з’явілася ідэя выступіць у падтрымку беларускіх палітвязняў?

– Пра сітуацыю ў Беларусі даведаўся ад Алены Леўчанкі. Калі яе арыштавалі і пратрымалі ў турме 15 дзён, то быў першым спартсменам, які падтрымаў яе. Пасля таго як яна выйшла на волю, Алена прыляцела ў Амерыку. Мы сталі размаўляць, перапісвацца, яна прыйшла на адну з маіх гульняў НБА. Хаця мы яшчэ не сустракаліся асабіста.

Леўчанка – герой. Гэта адна з наймацнейшых жанчын, якіх ведаю. Дзякуючы ёй пачаў вывучаць тое, што адбываецца ў Беларусі. Зразумеў, што сітуацыя жахлівая. Людзі церпяць у турмах. Сотні палітвязняў (па стане на 1 траўня ў Беларусі 1499 палітычных зняволеных. – Заўв.) чакаюць дапамогі, таму тое, што я зрабіў, было правільным. Імкнуся дапамагчы кожнаму чалавеку ў свеце незалежна ад рэлігіі, колеру скуры або паходжання, – сказаў Фрыдам.

Нагадаем, Энес Кантэр Фрыдам таксама выказваўся аб парушэннях правоў чалавек і свабоды слова ў Беларусі, выступаў у падтрымку беларускіх палітвязняў і называў Аляксандра Лукашэнку злачынцам.