Усе навіны

Расціслаў Вяргун: «Мая самая вялікая вайна на сённяшні дзень – гэта псіхалагічны настрой пераможцы»

8 лістапада, 12:53

Галоўны трэнер «Мінска» Расціслаў Вяргун падзяліўся меркаваннем аб выступленні каманды ў Лізе ВТБ.

– Калі ты прайграваеш восем гульняў запар, не атрымаўшы ні адной перамогі, складана казаць аб моцных баках.

Бачу шмат прасторы для працы і вялікі патэнцыял у некаторых баскетбалістаў, які варта развіваць і надалей. Сёння вылучыў бы Вадзіма Стубеду. У маім разуменні ён згуляў вельмі якасна. Гэтая светлая пляма была ў нас у гульні супраць «Уралмаша».

Як я ўжо казаў, гэта камандны від спорту. Адзіны індыкатар поспеху – перамога. Ты можаш рабіць усё вельмі дрэнна, але тым не менш атрымаць перамогу і ўсе будуць шчаслівыя. Або наадварот – гуляць выдатна, але пры гэтым мець нуль у графе набраных ачкоў.

Таму мая самая вялікая вайна на сённяшні дзень – гэта псіхалагічны настрой пераможцы, каб сутнасць таго, што адбываецца, не згубілася ў прасторы. Нядосыць проста быць у камандзе, на адным узроўні, выйсці пагуляць. Хочацца, каб жаданне абгуляць суперніка заставалася з нашымі баскетбалістамі і каб яны разумелі, для чаго выходзяць на пляцоўку, – сказаў Вяргун.