Усе навіны

Аляксей Сухавецкі: «Мінск» праваліў Кубак, але ў Лізе ВТБ трымае нейкі ўзровень»

15 студзеня, 10:36

В.а. галоўнага трэнера «Мінска» Аляксей Сухавецкі распавёў пра стан сваёй каманды, якая пацярпела ў Лізе ВТБ 22 паразы запар.

– Добрую гульню супраць МБА паказала каманда, двойчы вяла, аднак усё роўна саступіла. Што можна сказаць па выніках сустрэчы?

– Працягваем працаваць над удасканаленнем дрэнных кавалкаў, якія ў нас здараюцца. Як мінімум, два правальныя адрэзкі мы маем кожную гульню. Дзесьці ў сілу ростра, некаторыя гульцы выходзяць не зусім удала, дзесьці адбываецца расфакусаванне і мы дазваляем 22 секунды добра гуляць у абароне, а потым дзве секунды мы выключаемся – і атрымліваецца вольны трохачковы кідок, як у канцы матча ў Лапаціна. Над гэтым нам трэба працаваць і выпраўляць гэтыя сытуацыі. Тады ў нас будзе атрымлівацца больш шчыльная гульня на працягу ўсіх 40 хвілін.

– Каманда не перамагае з пачатку сезона. Таксама і ў Кубку Беларусі ўпершыню за доўгі час сталі толькі трэцімі. Што можна сказаць пра псіхалагічны стан каманды?

– Так, мы ў няпростай сітуацыі знаходзімся. Хлопцы максімальна спрабуюць зладзіцца з ёй. Вы бачыце, мы не апускаем рукі. Я б сказаў, што, вядома, Кубак мы адназначна правалілі, але калі мы бярэм асобна Адзіную лігу ВТБ, то тут мы на працяглым адрэзку часу трымаем нейкі ўзровень. Так, мы прайгралі лідарам, але з астатнімі камандамі якасць прысутнічае і няма такога вялікага правалу. Гэта вялікая заслуга хлопцаў: у такой сітуацыі без перамог вельмі складана знаходзіцца, але мы кожны дзень працуем для таго, каб выправіць гэта.

– Ці можна на фоне апошніх матчаў каманды прасачыць пэўны прагрэс?

– Адназначна можна. З сярэдзіны снежня мы спрабуем сёе-тое змяніць у нападзе, і зараз быў зроблены на гэта ўпор. Немагчыма за два тыдні спрагрэсаваць у нападзе і абароне, таму зараз вырашылі сфакусавацца на гэтым. Так, мы прапускалі 100 ачкоў ад каманд з верхняй чацвёркі, але, мне здаецца, мы сталі лепш рухаць мяч. Надыходзіць час, калі мы будзем падцягваць абарону. Таму я лічу, што ў гэтым плане ўсё добра.

– Ці атрымалася знайсці пэўныя тактычныя хітрасці, за якія можна ўчапіцца і здабыць перамогу?

– Мы заўсёды ідзем да перамогі, гэта не абмяркоўваецца. За што можна ўчапіцца? Тут няма пэўных правіл. Мы шмат чаго спрабуем. Тое, што атрымліваецца, мы імкнемся ўдасканальваць. Гэта можа атрымлівацца на пэўным этапе: месяц атрымліваецца, іншыя каманды скаўтуюць, таксама робяць сваю працу, спрабуюць зламаць нашу гульню. Наша задача – рабіць тое, што атрымліваецца добра на дадзены момант. Мы павінны быць гатовыя гэта змяніць, мяняць гэтыя сітуацыі і карэктаваць так, каб гэта было эфектыўна для нашай каманды, – сказаў Сухавецкі.