Усе навіны

Вернуты ў зборную Беларусі Брышцель: «У жніўні 2020-га ўсе рэзка сталі палітыкамі і эканамістамі. Кожны павінен займацца сваёй справай»

26 траўня, 09:06

Сяміразовы ўладальнік звання найлепшага гульца Беларусі ў пляжны футбол Ігар Брышцель у «пакаяным» інтэрв'ю галоўнаму рэдактару «Прэсбола» Сяргею Лісічкіну ўзгадаў пра тое, што адбывалася ў Беларусі ў жніўні 2020 года.

Нагадаем, Брышцель падпісаў апублікаваны 15 жніўня 2020 года ліст прадстаўнікоў зборнай Беларусі па пляжным футболе, у якім яны заклікалі да правядзення сумленных прэзідэнцкіх выбараў, вызвалення ўсіх палітвязняў, спынення гвалту сілавікоў Лукашэнкі. 2 лістапада 2020-га стала вядома, што тых, хто падтрымаў гэты ліст, пазбаўляюць статусу гульцоў зборнай, не працягваючы кантракты з міністэрствам спорту Лукашэнкі. У лютым 2023-га Брышцель быў зноў выкліканы ў каманду.

– На будучыню ўрок. Перш чым нешта рабіць, трэба ўсё старанна ўзважыць і добранька падумаць. А тады пераважалі эмоцыі. У выніку страціў каманду, якой прысвяціў 14 год жыцця.

– Якія асноўныя высновы для сябе зрабілі?

– У тым жніўні раптам усё рэзка сталі палітыкамі і эканамістамі. Нечакана з'явілася мноства людзей, якія нібыта разумеюць, што адбываецца, і ведаюць, якім шляхам варта ісці краіне. Паўтаруся: было шмат эмоцый, многія ім паддаліся. Гэта не правільна. Адназначна. Кожны, няхай гэта будзе музыка, спартовец ці кіроўца, павінен займацца сваёй справай.

– Што параілі б спартыўнай супольнасці Беларусі, каб зберагчы спорт ад палітычнага ўздзеяння?

– Каб зрабіць нейкі крок або здзейсніць учынак, трэба ўсё старанна ўзважыць і падумаць аб наступствах. Практычна спартсмены тую сітуацыю ведалі павярхоўна. Там сябры скінулі відэа, нехта скінуў спасылку, недзе нешта прамільгнула ў інтэрнэце. Першае пачуццё: ох і ах! Раніцай прачнуўся, ужо іншыя эмоцыі. Зразумеў зараз, што ўсё трэба аналізаваць, заўсёды ўключаць мазгі.

– Асуджаеце тых атлетаў, якія да гэтага часу пратэстуюць?

– Яны выбралі сваю дарогу і працяг кар'еры. Значыць, так захацелі. Мне неаднаразова прапаноўвалі перабрацца ў іншую краіну, у тую ж Польшчу. Але перад вачыма стаяў той шлях, які прарабіў у пляжным футболе з 2009 года, колькі ўсяго перажыў. Заўсёды хацеў выступаць менавіта за зборную [Беларусі], дабівацца з ёй поспехаў на міжнароднай арэне, перадаваць вопыт маладым. Марыў знаходзіцца побач з блізкімі і роднымі, размаўляць з сябрамі і аднакласнікамі. Мая Радзіма тут. І гэта не проста словы, – заявіў Брышцель.