Усе навіны

Спецыяліст з белбіятлона аб маўчанні спартсменаў: «Калі б Домрачава выказалася, усе б таксама нешта зрабілі. Але яна паступіла як здрадніца»

29 снежня 2022, 09:55

Спецыяліст з беларускага біятлону ў інтэрв'ю «Трыбуне» на ўмовах ананімнасці падзяліўся меркаваннем пра маўчанне наконт рэпрэсій у Беларусі чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнкі Дар'і Домрачавай.

– Спартсменаў неяк хвалююць рэпрэсіі ў Беларусі?

– Пры асабістых зносінах людзі кажуць, што ім непрыемна за ўсім гэтым назіраць, яны перажываюць. Плюс у спартоўцаў хтосьці з сяброў ці знаёмых таксама быў затрыманы. Так што людзей хвалюе сытуацыя. Аднак яны ўсё роўна не гатовы гаварыць адкрыта, каб не страціць тое, што ёсць. Ну і яшчэ мне здаецца, што калі б Дар'я Домрачава выказалася, усе б паглядзелі на яе і таксама нешта зрабілі. Але яна паступіла як здрадніца. Хоць Скардзіна выказвалася, але ўсё роўна гэта не прывяло да таго, каб іншыя біятланісты загаварылі.

Сола таксама паступіла смела, не падпісаўшы праўладны ліст. Астатнія баяцца зрабіць нешта смелае. Па-першае, як мы казалі ў пачатку, баяцца страціць тое, што ёсць. Па-другое, баяцца, што пойдуць пагрозы ці ціск на родных. Біятлон жа хто курыруе – КДБ. Возьме маёр і паразмаўляе з табой так, што ты больш наогул нічога не захочаш. У выніку людзі баяцца наступстваў.

– Людзей турбуе вайна ва Украіне?

– Вось на гэтую тэму я ні з кім не меў зносіны. Але, думаю, ніхто абыякава на гэта не глядзіць. Проста ўсё роўна будуць маўчаць.

– Немагчымасць выказацца маральна цісне на біятланістаў, можа адбівацца на іх выступах?

– У нейкай меры так, але не так, каб каласальна. Мне здаецца, што людзі ўсё роўна стараюцца на ўсё забіваць і жывуць па прынцыпе: «Наша справа – спорт, а астатняе ўжо нас не датычыцца», – сказаў спецыяліст.

Tribuna.com публікуе каментарыі спікераў, якія знаходзяцца ў Беларусі, ананімна для іх бяспекі.