Tribuna/Біятлон/Блогі/Сапраўдны зарапад у жаночым біятлоне – сышлi адразу чатыры шматразовых медалiсткi АГ, а яшчэ беларуска, якая здзiвiла на летнiм ЧС у 37

Сапраўдны зарапад у жаночым біятлоне – сышлi адразу чатыры шматразовых медалiсткi АГ, а яшчэ беларуска, якая здзiвiла на летнiм ЧС у 37

Заехала ў топ-20 на развiтанне.

22 сакавіка 2023, 06:45
Сапраўдны зарапад у жаночым біятлоне – сышлi адразу чатыры шматразовых медалiсткi АГ, а яшчэ беларуска, якая здзiвiла на летнiм ЧС у 37

19 сакавiка ў нарвежскім Халменколене мас-стартамі завяршыўся сезон Кубка свету па біятлоне, якi прайшоў без беларускіх біятланістаў, забаненых з-за вайны, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіны з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусi. У мужчын апошнюю гонку выйграў дамiнант сезона Ёханэс Бо, абнавіўшы рэкорд па колькасці перамог у адным сезоне КС – цэлых 19. У жанчын у агульным залiку да апошняй гонкi перамагла Жулiя Сiмон, а заключны мас-старт выйграла Ханна Оберг.

Другое i трэцяе месца ў гонцы занялi Марце Ульсбю-Ройселан ды Анаіс Шэвалье-Бушэ. Для iх гэта было прыгожае расставанне з бiятлонам – нарвежка ды францужанка завяршылi кар'еры.

Хатнiя трыбуны павіншавалі Ульсбю-Ройселан па каралеўскі – былі слёзы, авацыі, канфеці.

Акрамя яе i Шэвалье-Бушэ, таксама скончыла кар'еру Дэніз Херман-Вік. Яна таксама адзначылася на развiтанне – узяла золата спрынту Халменколена.

Херман-Вік, дарэчы, згадвала i адхiленне беларускiх сапернiц: «Спартсмены імкнуцца сапернічаць з усiмi найлепшымі. Такое магчыма толькi пры ўдзеле зборных Расіі і Беларусі. Але пакуль трывае вайна, вяртанне проста немагчыма. Я адназначна лічу, што адхiленне – гэта правільнае рашэнне, таму што абставіны не змяніліся».

Без узнагароды засталася толькі адна легенда, якая таксама абвясціла пра канец кар'еры – Цірыль Экхаф. Нарвежка поўнасцю прапусціла гэты сезон з-за ментальных і фізічных праблем, ад якiх не аднавiлася. Аднак яна ўжо шукае сябе ў новым амплуа – камеры засеклі Цірыль на трэнерскай пазіцыі жаночай зборнай Нарвегіі ў апошніх гонках.

Такі сыход тытулаваных біятланістак – сапраўдная змена эпохі. На чатырох у іх:

– 21 алімпійская ўзнагарода (толькi ў Шэвалье-Бушэ няма золата);

– 48 медалёў чэмпіянатаў свету;

– 198 подыумаў Кубка свету;

– 2 Вялікіх крыштальных глобуса.

Пра завяршэнне кар'еры 16 сакавіка абʼявіла і экс-біятланістка зборнай Беларусі Анастасія Кінунен. З 2020 года спартсменка выступала за каманду Фінляндыі, у якую з'ехала неўзабаве пасля АГ-2018. «Гэта было выдатнае спартыўнае жыццё. Я абсалютна шчаслівая. Дзякуй вам усім», – напiсала Кiнунен на развiтанне.

Дасягненні ў Кінунен куды больш сціплыя, чым у яе калег, якiя таксама сышлi. Аднак у жнiўнi 2022-га, калi Кiнунен было ўжо 37, яна змагла здзiвiць – узяла бронзу ЧС па летнiм бiятлоне. Нават там гэта была яе першая ўзнагарода за кар'еру. Скончыла яе Кiнунен таксама для свайго ўзроўню топава – стала 19-й у спрынце Халменколена. Да таго ў лiк першых 20 на этапах Кубку свету Анастасiя ўзбiралася толькi дзясятак разоў.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты