Tribuna/Футбол/Блогі/Административный блог/Як напісаць пост на Tribuna.com і правільна яго аформіць
Tribuna

Як напісаць пост на Tribuna.com і правільна яго аформіць

Зрабілі для вас гайд.

Аўтар — Бэзавы Кіт
9 чэрвеня, 08:55
Як напісаць пост на Tribuna.com і правільна яго аформіць

Некаторыя нашыя карыстальнікі не абмяжоўваюцца толькі каментарамі на сайце, але і пішуць паўнавартасныя пасты. У некаторых тэмах яны нават круцейшыя за рэдакцыі - блог пра сусветны аўтаспорт ад нашага юзера ці ледзь не лепшы ў Беларусі?

Ёсць і іншыя прыклады, але для таго, каб вашыя пасты былі такімі ж класнымі, траплялі на старонку «папулярнае ў блогах» і выносіліся на галоўную разам з рэдакцыйнымі матэрыяламі, мы вырашылі сабраць для вас некалькі парадаў.

У гэтым пасце мы разгледзім у асноўным тэхнічныя пытанні, якія больш за ўсё хвалююць пачаткоўцаў блогераў. Але і тыя хто даўно не карыстаўся нашым рэдактарам, таксама знойдуць тут для сябе нямала карыснага.

Як стварыць пост?

Тут усё вельмі проста, трэба клікнуць на аватарку свайго профілю і выбраць «новы пост». Пасля чаго вы апыніцеся ў рэдактары.

Таксама допіс можна стварыць праз старонку блогаў, там таксама знаходзіцца кнопка «стварыць пост».

Ніякіх дадатковых маніпуляцый рабіць не трэба, зараз вы гатовыя рабіць свой матэрыял, які разарве ўсіх.

Наступны этап - загаловак

Ўводзім яго ў адпаведным полі, але старайцеся не выкарыстоўваць у загалоўку капс, клічнікі, а таксама тры кропкі ў канцы. Калі вы хочаце такім чынам прыцягнуць увагу да свайго паведамлення, то гэтым вы зробіце толькі горш і адштурхне патэнцыйных чытачоў. Ну і вядома - ніякіх кропак у канцы загалоўка.

Выберыце вокладку вашага матэрыяла

Паспрабуйце знайсці выразную фатаграфію высокай якасці, якая падкрэсліць сутнасць вашага паста. (!) Важна памятаць, што вокладка аўтаматычна стане першым фота ў пасце, таму не варта ставіць яшчэ адно фота ў пачатку, інакш у вас атрымаецца дзве вялікіх фатаграфіі запар пасля загалоўка.

Як выбіраць фота ў пост?

Для афармлення варта выбіраць фатаграфіі высокай якасці. Надайце пошуку крышачку больш часу, затое ваш матэрыял будзе мець значна лепшы выгляд і будзе больш прывабным для чытачоў. Вядома, існуюць выпадкі, калі патрэбнага фота няма ў добрай якасці. Напрыклад, калі гэта нейкае рэдкае рэтра, тады ўжо можна зыходзіць з таго што ёсць, альбо паспрабаваць скарыстацца нейрасеткамі, якія могуць нядрэнна палепшыць якасць фота.

Важна: выбірайце гарызантальныя фатаграфіі, якія па шырыні маюць больш за 1000 пікселяў. Тады на сайце яны будуць выглядаць максімальна эстэтычна, а матэрыял будзе зручна чытаць. Што тычыцца вялікіх вертыкальных фатаграфій, то яны будуць займаць шмат месца і вашаму чытачу прыйдзецца нямала скролаў, каб пачытаць ваш тэкст далей. У такім выпадку, мы можам параіць закалажыць дзве вертыкальныя фатаграфіі ў адну - тады атрымаецца больш гарызантальны варыянт.

Ідэальны памер выявы для афармлення паста - 1200×630.

Але нават калі ў вас не атрымліваецца паставіць менавіта такую карцінку, то старайцеся ставіць карцінкі з суадносінамі 16:9.

Для таго, каб уставіць малюнак, вам зусім не абавязкова загружаць яго на свой дэвайс, можна проста скапіяваць url карцінкі і ўставіць яго ў пост, альбо цалкам скапіраваць выяву. Рэдактар аўтаматычна падкачае малюнак на сайт.

Крыніцы выкарыстаных фота лепш за ўсё паказваць напрыканцы паста.

Вылучэнне падзагалоўкам і структура паведамлення

Важна памятаць і пра структуру тэкста. Калі вы напісалі тэкст, у якім сторытэйлінгу пазайздросціць сам Хэмінгуэй, але выклалі яго суцэльным палатном, то існуе вельмі вялікая верагоднасць, што яго мала хто дачытае да канца.

Старайцеся разбіваць тэкст на абзацы, а матэрыял дзяліць на падзагалоўкі. Для гэтага пры фарматаванні можна выбраць спецыяльны пункт. Там жа вы можаце выбраць фарматаванне па спісе, калі вам неабходна нешта пералічыць.

Акрамя таго, існуе два варыянты вылучэння самога тэксту: тлусты і курсіў. Але не варта злоўжываць вылучэннямі і ставіць іх у кожным абзацы, бо гэта таксама не паляпшае ўспрыманне тэксту.

А як ўставіць знешнія спасылкі?

На дадзены момант рэдактар падтрымлівае прамыя спасылкі з YouTube, Instagram і Twitter. Для таго, каб падцягнуць кантэнт з гэтых сайтаў, вам трэба толькі ўставіць спасылку ў свой пост, а далей усё адбудзецца аўтаматычна, як і з выявамі.

У выпадку з Ютубам трэба, каб аўтар дазволіў яго размяшчэнне і прагляд на іншых пляцоўках, інакш праглядзець яго можна будзе толькі там.

Але вы заўсёды можаце дадаць любую спасылку ў свой тэкст, выбраўшы адпаведны інструмент на панэлі.

Пры націсканні на вылучаны тэкст, карыстальніка будзе аўтаматычна перанакіроўваць на ваш лінк.

Выбар тэгаў і відаў спорта

Каб захаваць ці апублікаваць пост, вы абавязкова павінны выбраць від спорта са спіса.

Яшчэ адным важным элементам навігацыі сайта з'яўляюцца тэгі. Не забывайце прастаўляць асноўныя тэгі, якія адносяцца да вашага паведамлення. Такім чынам, калі хтосьці цікавіцца пэўным спартсменам, клубам або спаборніцтвамі, ён зможа ўбачыць і зайсці ў ваш пост.

Вы можаце ўводзіць тэгі на беларускай альбо рускай мове - сістэма вас зразумее!

Старайцеся не ставіць лішніх або нерэлевантных тэгаў. Калі ваш тэкст у асноўным пра «Дынама», але дзесьці незнарок згадваецца БАТЭ, то ставіць тэг барысаўчан не варта. Але калі гэта пост пра супрацьстаянне гэтых клубаў, тады можаце смела ставіць абодва.

А я магу дадаць матэрыял у свой асабісты блог?

На дадзены момант магчымасць стварэння новых блогаў адсутнічае, але тыя, хто маюць блогі яшчэ з папярэдняй версіі сайта, могуць дадаваць матэрыялы ў іх.

У будучыні мы плануем вярнуць магчымасць стварэння блогаў, а таксама адкрыць блогі, дзе кожны можа пакінуць свой пост.

А пакуль астаўляйце гэта поле пустым.

Публікацыя паста

Калі вы скончылі працу над матэрыялам, вычыталі, падабралі фоткі і праставілі ўсе тэгі, то можаце публікаваць яго. Калі ж ён, на ваш погляд, мае патрэбу ў дапрацоўцы, то можаце захаваць паведамленне як чарнавік.

Пасля таго як вы апублікавалі паведамленне яго змогуць плюсаваць, мінусаваць і каментаваць іншыя юзэры. Калі матэрыял набірае пэўную колькасць плюсаў, ён трапляе на старонку «Найлепшае ў блогах».

Рэдакцыя пастаянна сочыць з новымі пастамі ў блогах, таму калі ваш матэрыял досыць цікавы, ён абавязкова з'явіцца на галоўнай старонцы сайта. Некаторыя матэрыялы трапляюць у нашы сацыяльныя сеткі, таму магчымасцяў атрымаць аўдыторыю, якая б цікавілася вашым творчасцю будзе дастаткова.

На гэтым усё! Чакаем вас у блогах, а калі ёсць дадатковыя пытанні ці прапановы - пішыце іх у каментарах да гэтага паста.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты