Tribuna/Гандбол/Блогі/Все о гандболе/«Мяшкоў» прарваў забарону алімпійскіх камітэтаў Еўропы з ім гуляць. Амаль узяў кубак, але перашкодзілі былы гулец і той, хто не даехаў праз вайну

«Мяшкоў» прарваў забарону алімпійскіх камітэтаў Еўропы з ім гуляць. Амаль узяў кубак, але перашкодзілі былы гулец і той, хто не даехаў праз вайну

Гандбольная дыпламатыя.

Аўтар — Замір Закіеў
3 верасня, 12:21
«Мяшкоў» прарваў забарону алімпійскіх камітэтаў Еўропы з ім гуляць. Амаль узяў кубак, але перашкодзілі былы гулец і той, хто не даехаў праз вайну

Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі расійскія і беларускія клубы ў большасці відаў спорту выключаныя з міжнародных турніраў. Таму і гандбольны «Мяшкоў Брэст» ужо паўтара года існуе па-за межамі Лігі чэмпіёнаў, дзе ў апошнім перадваенным сезоне паказаў найлепшы для сябе вынік, прайшоўшы ў чвэрцьфінал (там Брэст саступіў «Барселоне» – будучаму пераможцу турніру).

У сезоне-2022/23 адзіным вакном для міжнародных матчаў стала SEHA-ліга, якая фінансуецца «Газпрамам». Аднак і там для мінімізацыі рызыкі вырашылі развесці звычайныя еўрапейскія клубы з камандамі з краін-агрэсараў. Так былі створаныя дывізіёны «Усход» (для Беларусі і Расіі) і «Поўдзень» (для іншых). Планавалася, што толькі на стадыі чвэрцьфіналаў прадстаўнікі гэтых дывізіёнаў згуляюць паміж сабой. Аднак перад пачаткам стадыі клубы «Поўдня» атрымалі забарону нацыянальных алімпійскіх камітэтаў на ўдзел у матчах з камандамі з Расіі і Беларусі. Таму ў «Фінал чатырох» аўтаматычна прайшлі клубы «Усходу». У паўфінале «Мяшкоў Брэст» перамог «Пермскіх мядзведзяў» (34:33), у фінале – мінскі СКА (32:31) і ўпершыню ў гісторыі ўзяў трафей SEHA-лігі.

Кіраўніцтва турніру не спыняла спробаў злучыць дывізіёны на гандбольнай пляцоўцы, таму было вырашана правесці ў Турцыі перадсезонны «Кубак дружбы», дзе ў фармаце «Фіналу чатырох» сустрэнуцца прадстаўнікі «Усходу» і «Поўдня». У выніку ад Беларусі і Расіі быў толькі «Мяшкоў Брэст», а з іншага дывізіёна – «Веспрэм», «Еўрафарм» і «Ваяводзіна».

У паўфінале менавіта з апошняй сустрэлася беларуская каманда. Сербскі клуб у мінулым сезоне перамог у чэмпіянаце краіны і выйграў Кубак ЕГФ (трэці па значнасці турнір у Еўропе), а яго лідарам і адным з асноўных бамбардзіраў з'яўляецца беларус Барыс Пухоўскі. Але нядаўнія поспехі не дапамаглі ў матчы з БГК. Мяшкоўцы з самага пачатку захапілі ініцыятыву і адарваліся ў ліку. Вынік – 33:26 і выхад Брэста ў фінал.

Там яго чакаў венгерскі «Веспрэм», дзе выступае былы крайні «Мяшкоў Брэста» Мікіта Вайлупаў. Топ-клуб Лігі чэмпіёнаў прывёз у Турцыю асноўны склад і быў настроены ўзяць кубак. Але ў першай палове матча БГК вёў у ліку, нягледзячы на кадравыя праблемы (у мяшкоўцаў адсутнічалі тры гульцы асновы). Амаль увесь тайм Брэст трымаў розніцу ў тры мячы. Пасля перапынку венгры паступова пачалі набліжацца. І ў першую чаргу ў гэтым ім дапамагла актыўная абарона. У другой палове «Веспрэм» пачаў ставіць у высокі прэсінг іспанца Агусціна Касаду. Такая гульня вымушала мяшкоўцаў завяршаць атакі стратамі і промахамі.

Цікава, што герой гэтых абарончых дзеянняў – разыгрываючы Касада – у канцы 2021 года падпісаў кантракт з БГК, але праз пачатак вайны так і не прыехаў у клуб. Пазней ён апыуўся ў «Веспрэме».

У атацы ж венграў самым выніковым аказаўся беларус Вайлупаў. Ён закініў былому клубу 9 мячоў. Апошні з іх (з 7-мятровага) за паўхвіліны да канца асноўнага часу аказаўся вырашальным – «Веспрэм» перамог з лікам 32:31.

Перад «Кубкам дружбы» БГК згуляў дома ў традыцыйным «Кубку Белгазпрамбанка». «Мяшкоў» перамог турэцкую «Сакар'ю» (37:24), расійскі ЦСКА (35:30) і «Зеніт» (25:23) ды заняў першае месца.

Іншыя пасты блога

БГК. Сдержанный оптимизм
16 верасня 2018, 12:16
2
Усе пасты