Tribuna/Футбол/Блогі/Winterfell/У беларускіх біятланістак новы старэйшы трэнер (яму 28). Як спартсмен кар’еры не збудаваў, мае бізнес, працаваць з топамі не будзе

У беларускіх біятланістак новы старэйшы трэнер (яму 28). Як спартсмен кар’еры не збудаваў, мае бізнес, працаваць з топамі не будзе

Водгукі калег – станоўчыя.

Блог — Winterfell
Аўтар — bytribuna com
15 чэрвеня, 18:54
У беларускіх біятланістак новы старэйшы трэнер (яму 28). Як спартсмен кар’еры не збудаваў, мае бізнес, працаваць з топамі не будзе

Беларускі біятлон працягвае жыць пад санкцыямі, без акрэсленых тэрмінаў вяртання на міжнародную арэну. Але і ў такіх умовах у ім нешта адбываецца. На днях стала вядома, што ў жаночай камандзе змяніўся старэйшы трэнер - ім замест 55-гадовага Алега Рыжанкова, які працаваў з калектывам ад 2020 года, стаў 28-гадовы Раман Малуха. Як растлумачыў Рыжанкоў, дасведчаныя біятланісткі маюць намер працаваць са сваімі асабістымі трэнерамі па індывідуальных праграмах, а ў нацыянальную каманду прыйшла група маладых спартсменак, якія зарэкамендавалі сябе на юніёрскім узроўні. Іх і будзе развіваць Малуха, які раней працаваў з гэтай моладдзю.

Даведаліся некаторыя факты пра яго.

Сам бегаў тры сезоны, вялікіх вынікаў не дасягнуў

Усё жыццё Малухі звязанае з біятлонам. Ураджэнец Навагрудка вучыўся ў Гродзенскай міжраённай СДзЮШАР прафсаюзаў «Фаварыт» на аддзяленні «Біятлон». Школа базавалася ў яго родным горадзе. Сёння Малуха прыводзіцца на сайце выканкама Лукашэнкі па Навагрудскім раёне як прыклад паспяховай працы мясцовай спартшколы. Побач з ім - барцы Аляксандр Грабавік (падпісант за Лукашэнку і срэбны прызёр II Еўрапейскіх гульняў) і Андрэй Міхайлоўскі, а таксама іншыя біятланісты - Аксана Шымановіч, Алег Ліцвінскі і Вадзім Радзюк, якія, як адзначае сайт, станавіліся прызёрамі міжнародных спаборніцтваў.

Трэнеры СДзЮШАР характарызавалі Малуху як спартсмена з характарам, які ставіць перад сабой мэты і ўпэўнена да іх ідзе.

Малуха з 2013 па 2017 гады выступаў як на ўнутраных гонках, так і за мяжой (толькі сезон-2014/15 выпаў). У Беларусі ён нават дабіваўся нейкіх поспехаў. Напрыклад, у 2016-м стаў другім у гонцы пераследвання на чэмпіянаце краіны сярод юніёраў, следам тады фінішаваў Антон Смольскі. Праз некалькі дзён пасля таго поспеху біятланісту споўнілася 21.

Годам раней Малуха па юніёрах стаў пераможцам спрынту і пасьюта ў «Свяце Поўначы» - у спаборніцтвах, якія праводзяцца ў Мурманску для біятланістаў з шэрагу расійскіх рэгіёнаў і Беларусі).

На буйных міжнародных стартах Раман быў далёкі ад поспеху. У студзені 2016-га на юніёрскім чэмпіянаце свету ў спрынце фінішаваў 43-м, у гонцы пераследвання - 41-м, у індывідуальнай гонцы - 12-м, а вось у эстафеце разам з Уладзіславам Мядзюхам, Ігарам Карпюком і Станіславам Мацюком быў 10-м . Малуха бег заключны этап і не дапусціў ніводнага промаху.

На той ЧС таксама ездзілі будучыя беларускія зборнікі Максім Варабей і Віктар Крыўко. У дзяўчат выступалі Дынара Алімбекава, Ганна Сола, Дар'я Блашко, Яўгенія Якаўлева і Анастасія Ануфрыева.

У 2017 годзе Малуха паехаў на Сусветную зімовую ўніверсіяду ў Астану. Беларусь была прадстаўлена 23 спартсменамі з сямі ВНУ. Раман на той момант з'яўляўся студэнтам Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і вучыўся на аддзяленні фізічнай культуры і спорту (пасля скончыў магістратуру і аспірантуру). На Універсіядзе вялікіх поспехаў спартсмен не дасягнуў. У спрынце стаў 34-м, у гонцы пераследвання - 33-м, у індывідуальнай гонцы - 26-м. Пры гэтым астатнія біятланісты з Беларусі фінішавалі вышэй.

У асноўным на міжнародных стартах Малуха прыязджаў да фініша ў пятым дзясятку. Пасля сезона-2016/17 ён завяршыў кар'еру спартсмена. У апошняй гонцы на Кубку IBU ў Італіі беларус прабег спрынт 32-м.

Запусціў бізнэс, адказваў за стральбу ў дзяўчат (няўдала)

Зрэшты, з біятлона Малуха не сышоў. Уладальнік спартыўнай адукацыі быў прызначаны спецыялістам навукова-метадычнага аддзела ў Беларускай федэрацыі біятлона і трапіў у лік тых, хто адказваў за тэставанне ў эксперыментальнай групе на базе Наваполацкай ВАР.

Малуха актыўна праводзіў тэсты і ў іншых школах, дзе вучылі біятлону. Напрыклад, у снежні 2018-га ў СШ №1 Чашнікаў праводзіўся адбор у біятлонную секцыю з розных школ раёна. У ходзе тэставання правяралася дыхальная і сардэчна-сасудзістая сістэмы, энергетычны і мышачны паказчыкі. Тэставанне праводзіў якраз Малуха.

- Як паказвае практыка, здольныя хлопцы з сельскіх раёнаў праз пэўныя умовы не заўсёды могуць рэалізаваць сябе цалкам. Дзякуючы сістэме адбору такіх дзяцей удаецца прыцягнуць да заняткаў. Пры гэтым яны атрымліваюць магчымасць рэалізавацца, а Беларуская федэрацыя біятлона - знайсці перспектыўных рабят, - казаў Малуха.

Суразмоўцы з беларускага біятлону, з якімі ўдалося пагутарыць "Трыбуне", характарызуюць спецыяліста як разумнага і тэарэтычна пісьменнага. "Ведае сваю справу, імкнецца вучыцца і развівацца", - так адклікаюцца пра яго ў біятлонных колах. Нашыя суразмоўцы мяркуюць, што ў аналітычнай працы ў Малухі можа атрымацца непараўнальна больш, чым у якасці біятланіста.

Пры гэтым спецыяліст не канцэнтруецца толькі на спорце. Так, яшчэ ў 2020-м ён запусціў свой невялікі бізнэс, які звязаны з правядзеннем тэстаў пры дапамозе газааналізатараў.

Фірма Малухі называецца o2max. Тэставанне на яе базе праходзяць як спартсмены-аматары, так і прафесіяналы. Напрыклад, карыстаўся паслугамі кампаніі Малухі член нацыянальнай зборнай па кікбоксінгу, медаліст Кубка свету па К-1 Дзмітрый Сікорскі.

Пры гэтым занятасць у біятлоне таксама захоўвалася. У мінулым сезоне Малуха ўзначальваў юніёрскую жаночую зборную Беларусі. Шмат у чым гэтым, як адзначаюць нашыя суразмоўцы, і абумоўлена прызначэнне ў нацыянальную зборную старшым трэнерам. Спецыяліст выдатна знаёмы з маладымі спартсменкамі, ведае асаблівасці іх арганізмаў. Пакуль біятлон Беларусі знаходзіцца пад санкцыямі і невядома, калі з-пад іх выйдзе, лідары працуюць па індывідуальным плане. Пры гэтым ёсць магчымасць падцягнуць маладое пакаленне. У федэрацыі палічылі лагічным прызначэнне Малухі.

Пры гэтым трэба адзначыць, што трэнер паспеў папрацаваць і з сённяшнімі топамі жаночага біятлону Беларусі. У сезоне-2019/20 ён адказваў за стральбу ў дзяўчат. Што самае цікавае, у спаборніцтвах пад эгідай IBU Раман у свой час прабег 11 гонак, толькі ў адной адстраляўшыся на нуль.

- Уліваецца ў каманду, хоча праявіць сябе з найлепшага боку. Вы самі разумееце, што працаваць з жаночым калектывам - свая навука з масай псіхалагічных падтэкстаў, але, на мой погляд, усё праходзіць адэкватна, - казаў тагачасны старшы трэнер жаночай зборнай Васіль Лешчанка.

Раман Малуха крайні справа ў першым шэрагу

У студзені 2019-га спецыялісту толькі споўнілася 24, але аўтарытэт і павагу ў спартовак ён заслужыў хутка.

- Хачу сказаць дзякуй нашаму трэнеру па стральбе Раману Малуху, які ўвесь час са мной працуе, наладжвае, у тым ліку псіхалагічна. Усяляе ўпэўненасць, кажа - ты можаш, ты справішся! І, вядома, удакладняе тэхнічныя нюансы: у пазіцыі, у маёй тэхніцы стрэлу, - адзначала на чэмпіянаце свету-2020 Алена Кручынкіна.

Пры гэтым паказчыкі стральбы па выніках сезона-2019/20 (калі Малуха працаваў з калектывам) у жаночай зборнай пайшлі на спад. Калі параўноўваць з сезонам-2018/19, то прасяданне заўважна ўва ўсіх асноўных спартсменак - Ірыны Крыўко (было 85,5 працэнтаў, стала 84,4), Алены Кручынкінай, нягледзячы на падзякі (было 77,9, стала 73,9), Ганны Солы (76,2 супраць 69,2), Дзінары Алімбекавай (79,8 супраць 76,7), Ірыны Кручынкінай (76,7 было, стала 71,8).

Адзначым, што федэрацыя пакуль афіцыйна Рамана ў якасці старэйшага трэнера не прадставіла. Больш за тое, раздзел «Каманда» на сайце БФБ увогуле пустуе. Там няма ні спартсменащ, ні трэнераў.

Фота: chashnikinews.by, biathlon.by, Instagram Романа Малухи

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты