Усе навіны

У Падмаскоўі знайшлі цела зніклага экс-байца ММА з Магілёва

18 студзеня 2023, 15:55

У Падмаскоўі знайшлі цела 29-гадовага дальнабойшчыка з Магілёва, экс-байца MMA Яўгена Дваракова. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Mayday.

Раней Дваракоў трэніраваўся з вядомым у мінулым магілёўскім блогерам Мікітам Варажбітавым, а таксама меў дачыненне да каляфутбольнага руху.

Вядома, што ў ноч з 7 на 8 снежня на паркоўцы каля мытні «Сяляціна» пад Нара-Фамінскам быў знойдзены грузавік Дваракова з усімі дакументамі, асабістымі рэчамі і тэлефонам. Аднак самога мужчыны на месцы не было.

З-за таго, што большасць відэакамер на трасах у Падмаскоўі не працуюць, доўгі час пошукі былі безвыніковымі. Разглядалася нават версія, што Дваракова маглі затрымаць для мабілізацыі ў расійскую армію.

Аднак 14 студзеня высветлілася, што экс-баец загінуў. Разглядаецца версія забойства.

У Дваракова засталіся жонка і дзіця.