Усе навіны

Аляксей Кудзін: «У мяне ў планах праводзіць баксёрскія паядынкі ў расійскай лізе, дзе я выступіў. Ёсць прапанова і па «кулачку» выступаць»

22 сакавіка 2023, 14:42

Беларускі баец ММА Аляксей Кудзін, які ў канцы 2022 года выйшаў на волю, адбыўшы свой тэрмін зняволення, расказаў аб кар'ерных планах.

– Пакуль што ў мяне ў планах праводзіць баксёрскія паядынкі ў расійскай лізе, дзе я выступіў. Калі там усё будзе ісці добра, то працягну выступаць. Або пашукаю нейкія іншыя пляцоўкі.

– Вас хацела падпісаць ліга АСА, і вы адмовіліся. Чаму?

– У кулачных баях мне прапаноўвалі адзін-два бою, і я мог бы разглядаць іншыя варыянты, а ліга АСА хацела кантракт на два гады і на шэсць баёў. І гэта не было б Гран-пры ў цяжкай вазе, якую яны праводзяць, проста баі. Плюс, мне зараз хочацца паспрабаваць адысці ад ММА і выціснуць з сябе максімум як з баксёра, паглядзець, што я магу ў гэтым відзе спорту. Мне з дзяцінства бокс цікавы і я шмат трэніраваўся менавіта як баксёр яшчэ ў падлеткавым узросце. Да таго ж у мяне прапанова і па кулачку выступаць, і па боксе. Да голых кулакоў я гатовы, у мяне ёсць цікавасць да гэтага, таму што, калі я пачынаў сваю кар'еру ў 17 гадоў, у 1999 годзе, я біўся ў клетцы на турніры ў Саратаве, і там можна было выступаць з голымі кулакамі, а не ў пальчатках, – сказаў Кудзін.

Нагадаем, Кудзін 10 жніўня 2020 года падчас акцыі пратэсту ў Маладзечне ў ліку іншых бяззбройных людзей быў атакаваны групай сілавікоў, якія распылілі газ і нанеслі шматлікія ўдары дубінкамі. Кудзін у адказ ударыў некалькіх сілавікоў. Байца затрымалі пазней у той жа дзень, кінуўшы пад колы яго машыны гранату, у яго тройчы стрэлілі з траўматычнага пісталета і збілі. Неўзабаве Кудзіну прад'явілі абвінавачанні па ч. 2 арт. 363 КК РБ (супраціўленне супрацоўніку міліцыі ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак, звязанае з ужываннем гвалту або пагрозай яго прымянення), аднак праз некалькі дзён адпусцілі пад хатні арышт.

19 лістапада 2020-га Кудзін не з'явіўся на судовае паседжанне па сваёй справе, пакінуўшы краіну, і быў абвешчаны ў вышук. У пачатку 2021-га Кудзіна затрымалі ў Расіі, дзе ён знаходзіўся ў следчым ізалятары да 21 ліпеня. У той дзень Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў экстрадыцыю спартоўца ў Беларусь, аднак Кудзіна вывезлі ў Менск, дзе таксама змясцілі за краты. 11 жніўня яго прыгаварылі да 2,5 года пазбаўлення волі.