Усе навіны

Віталь Гуркоў: «Дзесьці з 2021 года страціў з Міхалком сяброўскі кантакт. Не было канфліктаў, проста я адышоў ад музычных справаў»

12 жніўня, 13:55

Шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе Віталь Гуркоў у інтэрв'ю для «Зеркала» распавёў пра адносіны з салістам гурта «Ляпіс Трубяцкой» Сяргеем Міхалком.

– Па сцэне сумуеце? У Міхалка зараз якраз гастролі.

– Не, не сумую. Гэта быў такі класны перыяд у жыцці, цікавы досвед, ну і адно з дзіцячых летуценняў. Я ж у музычных калектывах быў і ва ўніверсітэцкія гады – такі андэграўнд-рок, мы ездзілі з канцэртамі па Беларусі і за мяжу. Быў час творчай рэалізацыі. Але потым гэта ператварылася з нейкага натхнення ў звычайную руціну і ўжо не так падабалася. Вось і ўсё.

– Brutto яшчэ вернецца калі-небудзь?

– Думаю, гэта закінуты праект, які больш не здарыцца. Вось вы зараз больш ведаеце пра Сяргея Міхалку. Я недзе з 2021 года страціў з ім сяброўскі кантакт. Не было ніякіх канфліктаў, проста я адышоў ад музычных справаў, і ўсё, займаўся спортам, трэнерствам, перастаў размаўляць. Як я разумею, ніхто з былых удзельнікаў калектыва асабліва не падтрымлівае з ім сувязь. Цяпер там зусім іншы склад музыкаў, – распавёў Гуркоў.