Усе навіны

Віталь Гуркоў: «Былі спробы пайсці ваяваць за Украіну, але мае сябры мяне не ўзялі. Другі момант – я беларус, з-за гэтага была праблема»

12 жніўня, 14:51

Шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе Віталь Гуркоў у інтэрв'ю для «Зеркала» распавёў, як правёў першыя дні пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– Чаму вы не зʼехалі з Украіны, калі пачалася вайна, як зрабілі многія?

– Мы былі са зборнай на чэмпіянаце Еўропы па тайскім боксе ў Турцыі, і калі панесліся ўсе гэтыя навіны (пра магчымае ўварванне Расіі – Tribuna.com), ужо разумелі, што будзе вайна, тым больш што ў Беларусі ўжо тады доўгі час стаялі войскі. Таму гэта было чакана для мяне. Памятаю, калі мы даведаліся пра прамову Пуціна (22 лютага 2022 года Расія прызнала самаабвешчаныя ЛДНР у межах Луганскай і Данецкай абласцей – Tribuna.com), усім трэнерскім складам проста думалі, як бы хутчэй вярнуцца дадому, каб не закрылі авіяпералёты.

У мяне тут шмат сяброў, я лічу Украіну сваёй хатай на дадзены момант, і гэта мой усвядомлены маральны выбар, таму я не з'язджаю. Хаця разумею, што магу гэта зрабіць у любы момант. І мне падаецца, што толькі з перамогай Украіны ў Беларусі будзе шанс вырвацца з кайданоў расійскай імперыі, прапаганды і дыктатуры.

Я ўжо абвык да паветраных трывог, абстрэлаў. Першыя дні, вядома, было страшна, бо ты не разумееш, як усё гэта адбываецца, як сябе паводзіць. А цяпер вельмі спакойны, не заўсёды спускаюся ў сховішча. Калі лёс, то лёс – тут жа такое…

– У першыя дні вы пайшлі ў тэраабарону. У адным з пастоў у Instagram пісалі: «Я не круты камандас і выглядаў як звычайны сялюк, не было ў мяне натаўскай формы і модных дэвайсаў». Раскажыце, колькі часу прабылі тамака і чым займаліся.

– 26 лютага я атрымаў зброю. Паехаў да свайго сябра ў месца, дзе ўсё было зразумела: што рабіць, каму падпарадкоўвацца і гэтак далей. У нас былі былыя супрацоўнікі спецпадраздзяленняў, ветэраны АТА. Кожны дзень у вольны час мы вучыліся страляць у ціры, перасоўвацца малымі групамі, правяраць машыны і праводзіць затрыманні, калі, напрыклад, едзе тачка, у якой можа быць нехта пераапрануты. Былі моманты, калі сутыкаліся з ДРГ, але я яшчэ 25 лютага, калі ехаў да штаба тэраабароны на сваім аўто, па дарозе параўняўся з расійскай тэхнікай. Вельмі здзівіла, што яны былі так блізка. Тады, мусіць, страшна было ўсім. А калі ўжо далучыўся да хлопцаў, было і крыху страшна, і нейкая суперканцэнтрацыя ўвагі, як у спорце.

Не вельмі прыемна ўспамінаць усё гэта. Але не было ніякай эйфарыі – максімальная адказнасць. На першай жа лекцыі па медыцынскай дапамозе стала зразумела, што гэта не жарты, усё сурʼёзна.

Мы забяспечвалі ахову адной з трас і невялікага аэрапорта паблізу Кіева. Пару дзён я пастаяў на блокпастах. Потым сфармаваўся штаб, мяне перакінулі ў групу хуткага рэагавання – туды бралі маладых хлопцаў, спартовых і тых хто мае досвед ужывання зброі. Па запытах мы выязджалі на ўзмацненне ці на які-небудзь блокпост праверыць абстаноўку, калі былі чуткі пра ДРГ і гэтак далей. Таксама займаліся транспарціроўкай грамадзянскіх – трэба было дапамагаць людзям, асабліва з маленькімі дзецьмі, каб яны хутчэй зʼяжджалі з горада.

Я прабыў у тэраабароне амаль два месяцы, пакуль вакол Кіева не стала спакойна. Вызвалілі Бучу і Ірпень, з Чарнігаўскай вобласці ўжо адагналі расійскія войскі. Потым выйшла ўказанне, што трэба перадаць зброю тым, у каго ёсць досвед, вайскоўцам ВСУ. А я ніколі не служыў у войску, ды і ўвогуле беларус, як ўзяў пад роспіс зброю, так і здаў.

– У вас былі нейкія перастрэлкі, сутычкі з ДРГ?

– Мне не хочацца ў гэтую тэму ўдавацца. Мы займаліся пераважна аховай парадку і эвакуацыяй цывільных.

– Пасля тэраабароны не думалі пайсці добраахвотнікам?

– Скажам так: у мяне былі пэўныя спробы, але яны не здзейсніліся. І я, сапраўды кажучы, аб гэтым не шкадую. Мае сябры мяне, па-першае, нікуды не ўзялі (смяецца), а па-другое, пераканалі, каб я знайшоў сябе ў нечым іншым. А такія думкі [стаць добраахвотнікам] былі даволі доўга.

– Не было крыўдна, што вас не ўзялі?

– Яны казалі: «Калі б была нейкая ваенная спецыяльнасць, мы б цябе ўзялі. А так ты проста будзеш нам цяжарам». Другі момант – я ўвогуле беларус, з-за гэтага таксама была праблема. Вось і ўсё, – распавёў Гуркоў.