Усе навіны

«Макслайн» згуляе ў «стыках» за месца ў вышэйшай лізе

5 лістапада 2022, 16:46
2

У Д2 вызначыўся клуб, які згуляе ў стыкавых матчах за права гуляць у вышэйшай лізе. Ім стаў «Макслайн».

Рагачоўская каманда на выездзе разграміла «Астравец» (5:0). Пасля гэтага «Макслайн» выйшаў на чацвёртае месца ў табліцы з 41 ачком, а «Астравец» застаўся з 40 баламі, пры гэтым правёў усе запланаваныя матчы сезона першай лігі.

У паралельных матчах прайгралі сваім сапернікам гомельскі «Лакаматыў» і «Хваля», у якіх за тур да канца Д2 засталося па 36 балаў. Ніводзін іншы клуб з тых, што ідуць ніжэй за «Макслайн», таксама ўжо не можа апярэдзіць рагачоўцаў.

Вышэй за іх у табліцы знаходзяцца «Нафтан» і «Смаргонь», якія ўжо забяспечылі сабе пуцёўкі ў Д1, і петрыкаўскі «Шахцёр», што не мае права павысіцца ў класе з-за свайго статусу фарм-клуба салігорскага «Шахцёра».

Сапернікам «Макслайна» па стыкавых матчах стане каманда, якая зойме 14-е месца ў Д1. Гэта могуць зрабіць брэсцкае «Дынама», «Віцебск» ці дзяржынскі «Арсенал».

Адзначым, «Макслайн» праводзіў матч з «Астраўцом» без свайго галоўнага трэнера Юрыя Пунтуса, які ў гэтыя дні кіруе «Коласам» на Кубку рэгіёнаў УЕФА ў Турцыі.