Усе навіны

Хамутоўскі не лічыцца палітвязнем з моманту прысуду

30 снежня 2022, 13:16

Былы брамнік зборнай Беларусі і трэнер Васіль Хамутоўскі, які папрасіў не лічыць яго палітвязнем, перастаў лічыцца такім яшчэ да свайго звароту.

Прычына гэтага ў тым, што 29 снежня Васiлю вынеслі прысуд без накіравання ў калонію, турму альбо ПУАТ (Хамутоўскі атрымаў два гады «хатняй хіміі»), а ў такім выпадку дадзены статус непрымяняльны.

Нагадаем, Хамутоўскага затрымалі 30 верасня пасля вяртання ў Беларусь на лячэнне i праз некаторы час абвінавацілі па артыкуле 342 КК РБ («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

У 2020 годзе Хамутоўскі асудзіў гвалт сілавікоў пасля выбараў, пасля чаго пакінуў брэсцкае «Дынама». У 2021 годзе трэніраваў варатароў у клубе «Аль-Фейха» з чэмпіянату Саудаўскай Аравіі. Са студзеня 2022 года дапамагаў Алегу Дулубу ў «Львове», а таксама вясной гэтага года трэніраваў у бухарэсцкім «Сцяўа» падчас вымушанага спынення чэмпіянату Украіны.