Усе навіны

У Мінфіне ЗША назвалі экс-боса «Дынама» Брэст Зайцава бізнес-партнёрам важнага члена сеткі падтрымкі ВПК Расіі ў вайне ва Украіне

2 лютага 2023, 08:24

Былы ўладальнік брэсцкага «Дынама» і «Руха», бізнесмен Аляксандр Зайцаў згадваецца ў прэс-рэлізе ўпраўлення па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC) аб увядзенні новых санкцый для поўнага блакавання дзейнасці 22 фізічных і юрыдычных асоб, аб'яднаных у сетку для падтрымкі ваенна-прамысловага комплексу Расіі, якая з 24 лютага працягвае вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

Па інфармацыі OFAC, бізнес-партнёрам Зайцава з'яўляецца кіраўнік зарэгістраванай у Ізраілі кампаніі Texel, грамадзянін Латвіі Маркс Блатс, які займае высокае становішча ў згаданай сетцы. Блатса і яго фірму ўнеслі ў санкцыйны спіс за тое, што яны пастаўлялі ў Расію электрааптычныя і інфрачырвоныя прылады пасля пачатку вайны.

Астатнія ўдзельнікі сеткі таксама былі заўважаны ў пастаўках у Расію высокатэхналагічных прылад пасля 24 лютага ў абыход санкцый ЗША, накладзеных на Расію. Кіраўніком сеткі называецца гандляр зброяй з пашпартамі Расіі і Кіпра Ігар Зімянкоў, якога таксама абвінавачваюць у падтрымцы беларускага ваенна-прамысловага комплексу праз садзейнічанне дзяржпрадпрыемству «Белспецзнештэхніка» на рынку Лацінскай Амерыкі.

Нагадаем, Зайцаў уключаны OFAC у санкцыйны спіс ЗША з пачаткам вайны ва Украіне за падтрымку рэжыму-суагрэсара і цесныя сувязі з сям'ёй Лукашэнкі. У СМІ бізнэсмэна неаднаразова называлі «кашальком Лукашэнкі».

Адзначым, у сезоне-2023 у другую лігу чэмпіянату Беларусі па футболе мае намер заявіцца каманда брэсцкага «Цэнтра развіцця футбола» – дзіцяча-юнацкага футбольнага праекта Зайцава.