Усе навіны

Вераціла, Пуціла, Шытаў і жонка Філіпенкi судзяцца з экс-супрацоўнікам мінскага «Дынама» Косачам, які падмануў на 700 тысяч долараў людзей з аналагічнымі прозвішчамі

2 лютага 2023, 08:41
2

Як вынікае з раскладу паседжанняў судоў Лукашэнкі, 31 студзеня ў рэжымным судзе па Маскоўскім раёне Мiнска разглядаўся грамадзянскі iск да экс-супрацоўніка аддзела маркетынгу мiнскага «Дынама» Аляксандра Косача.

Iстцамі выступілі сумесна экс-гульцы мiнскага «Дынама» Алег Вераціла і Ігар Шытаў, футбаліст клуба Антон Пуціла, а таксама жонка гульца «Урала» Ягора Філіпенкі Кацярына Рудзько. Сутнасць іх прэтэнзій да адказчыка ў раскладзе ўказана не была.

Адзначым, што Косач быў арыштаваны ў красавіку 2022 года пры атрыманні хабару, за які абяцаў забяспечыць выдзяленне пэўных участкаў пад забудову ў Мінску, выкарыстоўваючы свой статус памочніка прарэжымнага члена парламента Лукашэнкі Алега Гайдукевіча. Пры гэтым саўдзельнік Косача заяўляў, што для вырашэння пытання трэба выдзеліць грошы НАК Лукашэнкi і асабіста намесніку Віктара Лукашэнкі Дзмітрыю Даўгалёнку, а таксама ўзвесці ў Мінску крыты лыжны манеж.

У ліпені 2022-га Косач атрымаў 8,5 года папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачанні ў махлярстве, крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і падбухторванні да дачы хабару ў буйным памеры. У паведамленні партала рэжымных судоў таксама было ўказана, што Косач «з верасня 2016 года па люты 2019 года шляхам падману Ф-кi, Р-ко, Ш-ва і злоўжывання даверам Кіс-ка, В-лы, П-лы завалодаў 700000 долараў ЗША» і што «за пацярпелымі Ш-вым, П-лам, В-лам, Р-ко, Кіс-ком прызнана права на задавальненне грамадзянскіх іскаў аб пакрыцці маёмаснай шкоды».

Пад названыя скарачэнні падыходзяць прозвішчы Філіпенкi, Рудзько, Шытава, Верацілы, Пуцілы, а таксама футбаліста брэсцкага «Дынама» Сяргея Кісляка.