Усе навіны

Экс-арбітр ЧБ Прановіч: «Блізкасць Польшчы да Беларусі не давала расслабіцца, увесь час азіраўся. Вось у ЗША адчуў сябе ў бяспецы»

5 сакавіка 2023, 12:34

Экс-арбітр чэмпіянату Беларусі Яўген Прановіч распавёў тэлеграм-каналу «О, спорт! Ты – мир!», чаму не застаўся ў Польшчы.

– Як змянілася ваша жыццё з таго часу, як восенню 2021 года з'ехалі з Беларусі?

– Спачатку я знаходзіўся ў Польшчы, але ўжо тады ведаў, што, хутчэй за ўсё, паеду ў іншую краіну. Неяк у мяне з Польшчай не склалася. Праз некаторы час мы з жонкай апынуліся ў ЗША.

– Чаму не захацелі заставацца ў Польшчы?

– Не адчуваў я сябе ў бяспецы ў гэтай краіне. Неяк трывожна жылося. Былі думкі, што пры жаданні мяне могуць дастаць. Блізкасць да Беларусі не давала ў поўнай меры расслабіцца, супакоіцца. Пастаянна азіраўся, звяртаў увагу на машыны. Можа, за мной ніхто і не сачыў, але ўсё роўна трывожна было на душы.

Тыдні два пражыў у Польшчы, потым пагутарыў з жонкай, і мы разам вырашылі, што трэба зʼязджаць далей. Разглядалі і іншыя краіны Еўропы, але так атрымалася, што трапілі ў выніку ў Амерыку. Вось там я адчуў сябе ў бяспецы, удыхнуў на поўныя грудзі. Як быццам новае жыццё пачалося – спакойнае. Зʼявілася поўная ўпэўненасць, што тут са мной ужо нічога не здарыцца, – сказаў Прановіч.