Усе навіны

У першай лізе Беларусі згуляюць 17 каманд, упершыню з 2019 года будзе прамы вылет

6 сакавіка 2023, 14:53

6 сакавіка прайшло пасяджэнне выканкама АБФФ, дзе было зацверджана палажэнне па першай лізе, у якiм вядзецца, што ў сезоне-2023 у першай лізе прымуць удзел 17 каманд.

Каманды, якія занялі 1-е і 2-е месцы па выніках сезона, наўпрост выходзяць у вышэйшую лігу. Калі яны не змогуць выступіць у Д1, то іх можа замянiць каманда, якая заняла месца не ніжэй за 6-е ў турнірнай табліцы Д2.

Каманда, якая заняла 3-е месца ў першай лізе, згуляе два пераходныя матчы з 14-й камандай з турнірнай табліцы вышэйшай лігі за права гуляць у наймацнейшым дывізіёне. Такім чынам, з вышэйшай лігі наўпрост вылеціць у Д2 толькі апошняя, 15-я каманда.

Каманда, якая зойме 17-е месца ў першай лізе, выбывае ў другую лігу. Такім чынам, упершыню з 2019 года ў Д2 будзе прамы вылет – у 2020-м апошняя каманда турніру гуляла пераходныя матчы, у 2021-м і 2022-м пагрозы вылету не было наогул.

У першую лігу маюць права падняцца каманды, якія зоймуць першыя тры месцы ў другой лізе. Такім чынам, у першай лізе сезона-2024 можа прыняць удзел 19 каманд.