Усе навіны

Экс-прэс-сек «Ліды» Нікітушкіна пра тых, хто выступіў супраць гвалту, а потым падпісаўся за рэжым: «Такіх не разумею, але асуджаць не хачу. Магчыма, на іх аказваецца шалёны ціск»

8 сакавіка 2023, 23:48

Адна са стваральнікаў відэа «Футбалісты супраць гвалту», былы прэс-сакратар «Ліды» і «Смаргоні», аўтар блога на «Трыбуне» «Пяшчотна пра футбол» Аляксандра Нікітушкіна ў інтэрв'ю Telegram-каналу «О, спорт! Ты – мир!» падзялілася меркаваннем пра футбалістаў, якія спачатку выступілі супраць гвалту, а затым падпісалі праўладны ліст.

– Гэта значыць ты не асуджаеш тых, хто зняўся ў роліку, а потым падпісаў праўладны ліст?

– Я такіх людзей не разумею, але асуджаць таксама не хачу. Магчыма, на іх аказваецца нейкі шалёны ціск, ідуць пагрозы, у тым ліку турмой. Мы не ведаем, хто з нас як паводзіў бы сябе ў падобнай сітуацыі. Але калі асаблівага ціску няма, а гэта робіцца толькі дзеля захавання кар'еры ў дэградуючым чэмпіянаце, тады, вядома, такія пераабуванні выклікаюць непрыемныя пачуцці.

– Адзін з удзельнікаў таго відэа, футбаліст «Тарпеда-БелАЗ» Анатоль Макараў, у 2020-м сказаў «Мы супраць гвалту!», а ў пачатку 2023-га зняўся ў пакаянным відэа, дзе казаў пра ўплыў старэйшых таварышаў і дэструктыўных каналаў.

– Адказ той жа, што і на папярэдняе пытанне. У нас вайна пад бокам, дык чаму мяне павінен шакіраваць учынак нейкага Анатоля Макарава, які сказаў, што шкадуе пра нешта?

– Цябе не здзівіць, калі які-небудзь іншы ўдзельнік відэа супраць гвалту раптам знімецца ў пакаянным роліку?

– У апошні час практычна не сачу за беларускім футболам, таму што ўсё, што чытаю пра яго, гэта нейкая бляха. Футбол робіцца толькі горш, ён дэградуе. Тыя, хто застаецца ў ім, не ўпэўнена, што растуць як спартсмены. І калі адбудзецца тое, пра што ты кажаш, то я сапраўды не здзіўлюся. Не веру, што беларускі футбол здольны паднесці нешта добрае і прыемнае, – сказала Нікітушкіна.