Усе навіны

Кірыл Кірыленка: «Перамога над румынамі будзе падобна подзвігу. Але я веру, што хлопцы зачэпяцца»

28 сакавіка 2023, 10:44

Паўабаронца румынскага «Брашова» (Д2) Кірыл Кірыленка падзяліўся чаканнямі ад матчу Беларусь – Румынія ў адборы на Еўра-2024.

– Як гаворыцца, нашы чаканні – нашы праблемы. Чаканняў ніякіх. Не выйграваем, усё зараз даволі дрэнна. Але гэта не гаворыць аб тым, што не можа адбыцца подзвіг, цуд. Дай бог, каб здарыўся пераломны момант. І дзецюкі паверылі ў сябе. Можа, і народ нарэшце паверыць у хлопцаў. Калі яны ўчэпяцца, пакажуць характар, іх нельга будзе спісваць з рахункаў.

– Перамога над румынамі сапраўды стане подзвігам, цудам?

– Ні ў якім разе не хачу нікога пакрыўдзіць. У нашай краіне дастаткова футбалістаў добрага ўзроўню, якія пры належным развіцці маглі б гуляць у моцных чэмпіянатах. Але так, на сёння гэта падобна подзвігу. Нават зыходзячы са статыстыкі – зборная даўно не выйграе. Калі пераможа, у будучыні сітуацыя можа змяніцца. Ня можа заўсёды ўсё быць дрэнна.

– Андрэй Рацыў ўпэўнены, што румыны перамогуць, Дзяніс Алібек спадзяецца, што беларусы зноў прапусцяць 5 мячоў. Гэта недаацэнка? Ці рэальнае ўспрыманне сітуацыі?

– Напэўна, зыходзячы з таго, што яны бачаць, гэта рэальная ацэнка з іх боку. З майго ж боку – недаацэнка, якая можа згуляць злы жарт. Гэта не гаворыць, што хлопцы выходзяць на поле адбыць нумар. Думаю, з матывацыяй усё ў парадку. Гэта іх шанец праявіць сябе на міжнароднай арэне і, магчыма, некуды з'ехаць. Веру як радавы заўзятар, які пры гэтым ведае хлопцаў, з кімсьці гуляў.

– Твой прагноз?

– Цяжка... Бачыш прайграныя матчы, думаеш: зноў будзе паражэнне. Чаго глядзець?.. Але я быў і буду аптымістам. Таму – 1:0 на карысць беларусаў. Веру, што дзецюкі зачэпяцца.

– Што думаеш пра румыны?

– Я толькі пазнаёміўся з румынскім футболам. Тут прыстойны ўзровень і ў вышэйшай, і ў першай лігах. Мяркую, гэта вельмі добры і моцны супернік. На днях гулялі з «Сэпсі» – топ-камандай вышэйшай лігі. І магу сказаць, што сёння будзе цяжкі матч, – сказаў Кірыленка.

Матч Румынія – Беларусь адбудзецца сёння ў 21:45.