Усе навіны

Паўабаронца «Смаргоні» Дукса пра бацьку – трэнера клуба: «Не найлепшы варыянт. Падчас заняткаў звяртаюся з імем па бацьку, умею падзяляць»

26 красавіка 2023, 10:03

Паўабаронца «Смаргоні» Мацвей Дукса падзяліўся меркаваннем пра старт каманды ў чэмпіянаце Беларусі, а таксама пра тое, што яго бацька Уладзіслаў Дукса з'яўляецца трэнерам у камандзе.

Нагадаем, што «мядзведзі» ў пяці матчах дабіліся 2 перамог і тройчы прайгралі, а на рахунку 20-гадовага паўабаронцы 3 галы і 2 асісты.

– Не мог і ўявіць, што пачатак сезона атрымаецца такім?

– Шчыра кажучы, так. Рады, што ўдалося так стартануць. Усё дзякуючы камандзе, трэнерскаму штабу, які давярае, і добраму трэніровачнаму працэсу.

Але гэта пакуль яшчэ нічога не значыць. Згуляў толькі некалькі матчаў. Трэба працягваць працаваць і даказваць цягам часу. Спадзяюся, далей буду дапамагаць камандзе набіраць ачкі. Жадаю з кожнай гульнёй развівацца, станавіцца мацней як футбаліст.

– Усе тры тваіх галы забітыя ў канцоўках і прыгожымі далёкімі стрэламі. Як удалося паставіць удар?

– Два мячы забіў са «стандартаў». Адпрацоўваем іх на трэніроўках. І пасля заняткаў застаюся пабіць штрафныя.

Дарэчы, на гэты конт ёсць гісторыя з дзяцінства. Калі мне было тры гады, у нас у кватэры з'явіліся маленькія пластыкавыя вароты. І мы з бацькам штодня білі па іх. Часам, праўда, пападалі ў люстры. Мама першы час лаялася, але потым прывыкла. Таксама з бацькам гулялі ў футбол на адны вароты. Калі я прайграваў, злаваўся. Тады тата пачынаў мне паддавацца. Але калі я заўважаў, то пачынаў злавацца яшчэ мацней. Таму тату даводзілася рабіць гэта не надта адкрыта.

Калі падрос, пачаў бавіць шмат часу на полі. А што яшчэ там рабіць, як не біць па варотах?

– Як гэта – калі бацька трэнер у тваёй жа камандзе?

– Вядома, не найлепшы варыянт. Але дома ён бацька. А на трэніроўцы – трэнер. Падчас заняткаў звяртаюся да яго па імі-імю па бацьку. А як па-іншаму? Ён жа быў маім трэнерам яшчэ ў дзяцінстве. Я ўжо абвык і ўмею падзяляць.

– У 11 сустрэчах вышэйшай лігі ты ўжо забіў больш, чым бацька, якому належаць клубныя рэкорды па матчах наогул і ў эліце ў прыватнасці (67 гульняў і адзін гол). Жартаваў з яго з гэтай нагоды?

– Не. Ён жа быў абаронцам. Гэта іншая праца на полі, іншыя задачы. Я больш атакавальны гулец. Было б дзіўна, калі б у мяне аказалася менш галоў.

Дарэчы, у дзяцінстве тата браў мяне з сабой на трэніроўкі «Смаргоні». Калі мне было гадоў дзевяць, разам з бацькам граў Ягор Сямёнаў. І перад трэніроўкамі Ягор часта ўдзяляў мне час. Мы жанглявалі мячом ці рабілі перадачы. Тады не мог і падумаць, што праз час мы будзем гуляць у адной камандзе. Цяпер ён таксама мне дапамагае, дае шмат карысных парад у тактычным плане, за што яму вялікі дзякуй, – распавёў Дукса.