Усе навіны

Трэнер «Тарпеда-БелАЗ» Казанцаў пасля 1:0 ад «Славіі»: «Пасля выдалення нам заставалася толькі трываць і чапляцца, спадзявацца на контратакі. Спрашчалі гульню, трымалі мяч, забівалі час. Справіліся»

29 красавіка 2023, 20:16

Трэнер «Тарпеда-БелАЗ» Віталь Казанцаў пракаментаваў перамогу над «Славіяй» (1:0) у матчы 6-га тура чэмпіяната Беларусі.

На 60-й хвіліне з поля быў выдалены паўабаронца жодзінцаў Мікіта Пацко.

– Вельмі складаны матч супраць вельмі добрага суперніка. Уласна, чаго мы і чакалі: пасля кубкавага паражэння гаспадары безумоўна прагнулі рэваншу.

Так што нам прыйшлося нялёгка, тым больш – пасля выдалення. Заставалася толькі цярпець і чапляцца, спадзявацца на контратакі. Да выдалення быў роўны футбол з, магчыма, невялікай тэрытарыяльнай перавагай гаспадароў. Але без асабліва вострых момантаў у нашых варот, у нас іх было, мабыць, пабольш.

Вельмі рады перамозе і вялікі дзякуй хлопцам, якія вытрывалі. І тыя, хто выйшаў у стартавым складзе, і тыя, хто на замену.

– Няўжо была такая крытычная адсутнасць аднаго гульца? Гэта ўсё ж не хакей…

– Тым не менш. Праўда, у нас ужо быў досвед дзеянняў у падобнай сітуацыі – у матчы супраць «Шахцёра». Недзе спрашчалі гульню, трымалі мяч, забівалі час. Справіліся.

– Камплімент у адрас суперніка не дзяжурны?

– Ніколькі. Зразумела, што за «Славіяй» у гэтыя тыдні сочым пільна. Гэта кваліфікаваная каманда, у дзеяннях якой бачна трэнерскія ідэі. Бачым гэта і на відэа, і на полі. Мазыране прапаведуюць сучасны футбол з высокім прэсінгам, нядрэнна пазіцыйна працуюць з мячом, так што гэта не дзяжурны камплімент.

– Ваша каманда – адна з двух, якія пакуль не саступалі ў гэтым сезоне. Але ўсе серыі калі-небудзь заканчваюцца. Ці не асцерагаецеся, што гэта адбудзецца 10 траўня ў зваротным кубкавым матчы супраць «Славіі»?

– Мы перш за ўсё не думаем аб серыях. Ужо даказана: пачнеш занадта шмат надаваць увагу такім момантам – усё абавязкова пойдзе кулём. Плюс найбліжэйшы матч у нас усё ж такі супраць «Слуцка» ў чэмпіянаце. Вось пра яго зараз перш за ўсё і думаем.

– Сённяшнія супернікі безумоўна адзін аднаго ўжо выдатна вывучылі?

– Так, у нас з мазыранамі зараз гэтакая серыя плэй-оф. Але кубкавыя гульні – гэта зусім іншае па напале, сюжэце, важнасці. І безумоўна кожная каманда паспрабуе здзівіць саперніка. Упэўнены, мы добра падрыхтуемся. Зрэшты, як і «Славія», – сказаў Казанцаў.