Усе навіны

Экс-дырэктар БАТЭ Зубкоўскі цалкам перадаў агенту Култаеву 83 тысячы долараў, атрыманыя ад «Шахцёра» за нібыта ўдзел у трансферах Калабарыча і Пеіча

20 траўня, 09:23

«Трыбуне» стала вядомая роля былога спартыўнага дырэктара БАТЭ Аляксандра Зубкоўскага ў трансферах «Шахцёра».

Па нашай інфармацыі, Зубкоўскага ў «Шахцёр» прывёў некалькі гадоў таму агент Яўген Култаеў-старэйшы, якога неаднаразова называлі «ценявым вырашалай» у «Шахцёры». Култаеў-старэйшы не хацеў фігураваць у розных дакументах пра пераходы. Зубкоўскі пагадзіўся на ролю «шырмы» і адкрыў ІП у якасці пасярэдніка ў футбольных трансферах.

Па паперах экс-дырэктар БАТЭ нібыта з'яўляўся агентам навічкоў і дапамагаў ім уладкоўвацца ў «Шахцёры». Але пры гэтым агенцкія адлічэнні з заробкаў футбалістаў па кантракце (раней дзейнічала планка ў памеры 10%, але з канца 2021-га АБФФ панізіла яе да 3%) сыходзілі ў кішэню Култаеву-старэйшаму.

У 2022 годзе Зубкоўскі атрымаў ад клуба каля 218 тысяч рублёў (83 тысячы долараў). Паводле нашай інфармацыі, гэтыя грошы – агенцкая ўзнагарода ад трансфераў у «Шахцёр» у 2021 годзе славенскага форварда Дарыё Калабарыча і сербскага паўабаронцы Алексы Пеіча. Аднак у выніку сродкі цалкам дасталіся рэальнаму агенту, Култаеву-старэйшаму. Як нам удалося даведацца, «Шахцёр» перавёў грошы на рахунак экс-супрацоўніка БАТЭ, а той сам зняў усю суму ў банку, папярэдне канвертаваўшы ў еўра, і перадаў сыну агента Яўгену Култаеву-малодшаму як курʼеру.

Сам Зубкоўскі асобна атрымліваў ад «Шахцёра» некаторую суму як «агент», з якім клуб вядзе справы. Абʼёмы былі куды меншыя, чым давялося аддаваць Култаву-старэйшаму, але «шырму» сітуацыя цалкам задавальняла.

Нагадаем, КДК АБФФ разгледзеў інфармацыю, што ў ЧБ-2022 кіраўніцтва «Шахцёра» арганізавала дагаворныя матчы і фінансава стымулявала клубы вышэйшай лігі. У выніку «Шахцёр» быў пазбаўлены залатых медалёў, «Энергетык-БДУ» – сярэбраных. У гэтых клубаў і «Белшыны» таксама знялі ачкі на сезоны 2023 і 2024 гадоў. 30 чалавек атрымалі розныя дыскваліфікацыі і штрафы, але 25 з іх не будуць забаненыя, калі выплацяць прызначаныя сумы. Падрабязней пра справу «Шахцёра» можна даведацца па спасылцы ніжэй.