Усе навіны

Ігар Крывушэнка: «Разумею сітуацыю Кандрацьева. Спачуваць? Нейкае слабое слова»

16 чэрвеня, 11:22

Экс-галоўны трэнер зборнай Беларусі Ігар Крывушэнка падзяліўся меркаваннем аб складзе нацыянальнай каманды і трэнерскім штабе перад матчамі адбору да Еўра-2024.

– Зараз у чэмпіянаце Беларусі сімпатызуеце каму-небудзь?

– Па-добраму здзівіла і парадавала Жодзіна. Дзіма Молаш з Віталём Казанцавым зрабілі выдатную каманду. Можа, яна і не надта ярка гуляе, затое дае вынік. Няма суперзорак, але ёсць якасныя выканаўцы, баланс паміж лініямі. І гэта прыносіць плён.

– Баланс настолькі добры, што Георгій Кандрацьеў не выклікаў у зборную нікога з «аўтазаводцаў»...

– Гэта справа густу, і нешта каментаваць я не магу. Трэнер зборнай абапіраецца на тых людзей, якія здаюцца яму найболей надзейнымі.

– Вы спачуваеце яму перад чарговымі адборачнымі матчамі?

– Спачуванне – гэта, напэўна, гучыць няправільна. Разумею сітуацыю, у якой ён сёння знаходзіцца. Не больш за тое. Ён выбірае гульцоў і нясе адказнасць за вынік. Кожны выбірае свой шлях. Зразумець – магу, а спачуваць… Гэта нейкае слабое слова.

– Я да таго, што нават калі нашу зборную ўзначаліць Гвардыёла, то цуду ўсё роўна не здарыцца.

– Ох, не буду тут нічога каментаваць, – сказаў Крывушэнка.