Усе навіны

Сяргей Паўлюковіч: «Не можам пахваліцца рэсурсам, які дазволіць выйсці ў вышэйшую лігу»

11 ліпеня, 12:28

Галоўны трэнер «Арсенала» Сяргей Паўлюковіч расказаў пра задачы дзяржынскай каманды ў пераходных матчах і пракаментаваў чуткі пра фінансавыя праблемы у клубе.

– Ці стаіць перад «Арсеналам» канкрэтная задача выйсці ў вышэйшую лігу?

– Разумееце, існуе пэўны падыход. Можна паставіць мэту і ўсюды яе афішаваць, каб усе ведалі і ставіліся да цябе, як да прэтэндэнта. На жаль, не можам пахваліцца такім рэсурсам, які дазволіць не толькі агучыць яе, але і дабіцца адпаведнага стаўлення.

Таму перад кожным гульцом асобна стаіць задача прагрэсаваць. А мэта для каманды агучваецца ў раздзявальні. Яна заключаецца ў тым, каб прагрэсаваць ад матча да матчу. Калі ўзровень суперніцтва высокі, як у гульні з «Макслайнам», то дабіцца росту лягчэй.

– Ходзяць чуткі пра клубныя праблемы з фінансамі. Ці праўда гэта?

– Скажу так – цяжкавата. Калі казаў пра мэты, для якіх патрэбныя рэсурсы, то меў на ўвазе мноства складнікаў, у тым ліку і гэта, – сказаў Паўлюковіч.