Все новости

Кірыл Альшэўскі: «БАТЭ не хапіла свежасці. Гэта не апраўданне, а факт»

12 ліпеня, 08:31

Галоўны трэнер БАТЭ Кірыл Альшэўскі пракаментаваў нічыйны матч у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў супраць «Партызані» (1:1).

– Што чакалі ад спаборніка, то і ўбачылі. Добрая каманда, дастаткова збалансаваная. Добрыя гульцы, індывідуальна моцныя. Нам не хапіла свежасці. Гэта не апраўданне, а як факт. Гэта адчувалася. Нічыя, на мой погляд, заканамерная.

– Што вы зменіце ў матчы ў адказ?

– Праз тыдзень пабачым. Думаю, мы павінны быць больш свежымі, таму што ў нас будзе час на аднаўленне пасля дарогі. Гэта ў любым выпадку павінна спрацаваць нам у плюс.

– Вам будзе лягчэй з-за таго, што вы ўжо даведаліся суперніка?

– Будзе лягчэй ці не, мы не ведаем, але што гэта нам павінна дапамагчы, гэта дакладна. І тут важна, як мы гэтым зможам скарыстацца.

– У вас сёння не было Лапцева…

– Ён дыскваліфікаваны. Так, і на другі матч таксама. Мы ўзялі яго з сабой, таму што мы ўсё роўна застаемся ў Еўропе. У нас доўгая дарога, і мы не можам сабе дазволіць вяртацца на радзіму.

– Што тычыцца новых гульцоў, яны будуць сябе адчуваць лепш у наступным матчы?

– Гэта відавочна. У нас так і атрымалася. Хадаркевіч праводзіў першую гульню – па сутнасці, ён у нас пяць дзён. А Падстрэлаў наогул толькі ўчора правёў першую трэніроўку, і сёння выйшаў на поле. Таму ў любым выпадку яны змогуць лепш адаптавацца. Больш за тое, наш малады цэнтральны абаронца, які гуляў да гэтага ў асноўным складзе, ён змог дабрацца ў Тырану толькі ўчора ўвечары.

– Можна сказаць, што БАТЭ дамогся сваёй мэты сёння?

– З улікам усіх праблем, на мой погляд, вынік заканамерны. Калі б я сказаў, што засмучаны нічыёй, гэта было б, напэўна, няправільна. У суперніка былі моманты. Яны былі і ў нас. У канцы нам давялося цярпець. І вынік пакідае шанцы абодвум камандам выйсці ў наступны раўнд.

– Які гулец з «Партызані» здаўся вам самым небяспечным?

– Больш за ўсё ўразіў цэнтральны нападнік. Ён выдатна можа зачапіцца за мяч, вельмі моцны гулец, – сказаў Альшэўскі.