Усе навіны

Выканаўчы дырэктар «Мілана»: «ЗША – самы вялікі рынак у свеце. Для нас важна быць тут»

24 ліпеня, 09:30

Выканаўчы дырэктар «Мілана» Джорджа Фурлані распавёў, чаму амерыканскі вектар з'яўляецца вельмі важным для «расанеры».

«Чаму мы тут? Па-першае, гэта выдатны турнір (гаворка ідзе пра серыю таварыскіх матчаў з «Рэалам», «Ювентусам» і «Барселонай» – заў.). У нас ёсць шанец згуляць з аднымі з найлепшых камандаў свету і лепш падрыхтавацца да наступнага сезону.

Па-другое, мы тут, таму што ЗША вельмі важныя для нас. ЗША – самы вялікі спартыўны рынак у свеце, сокер імкліва развіваецца. Я заўсёды называю футбол «сокерам», і раблю гэта не толькі для вас, сябры, а таму што гэта сапраўды важны рынак для нас.

ЗША ўваходзяць у тройку нашых найбуйнейшых міжнародных рынкаў. З пункту гледжання фан-базы, у нас ёсць 16 фан-клубаў у Паўночнай Амерыцы, так што мы спадзяемся ўбачыць шмат нашых заўзятараў з гэтых супольнасцяў на працягу найбліжэйшых некалькіх дзён.

Таксама ЗША важныя для нас стратэгічна. Мы належым амерыканцам – «Міланам» валодае фонд RedBird Capital, які працуе на скрыжаванні спорту, індустрыі забаў і культуры.

Лос-Анджэлес – сталіца забаў, а Мілан – сталіца моды. Мода, культура і індустрыя забаў ідуць разам, таму для нас важна быць тут», – сказаў Фурлані.