Усе навіны

Сяргей Паўлюковіч: «У «ДМедыя» запрасіў Драгун. Спадзяюся праз каманду пагрукацца ў вялікі футбол»

17 жніўня, 15:37

Галоўны трэнер беларускай каманды пад расійскую аматарскую медыялігу «ДМедыя» Сяргей Паўлюковіч расказаў пра працоўныя планы.

– Як узнік варыянт узначаліць каманду?

– Мой добры сябар Стас Драгун зрабіў прапанову, каб я дапамог у праекце. Я з задавальненнем пагадзіўся. Спадзяюся, што не памыліўся і ў каманды ёсць будучыня.

– Медыяліга – гэта не толькі пра вынік, але і медыя актыўнасць. Вы гатовы рабіць шоу і падаграваць цікавасць перад матчамі і падчас іх?

– Калі я быў маладзейшы, то актыўна паводзіў сябе на броўцы, на трыбунах. І гэтая іскра ўнутры мяне яшчэ недзе тлее. Я паспрабую яе дастаць і распаліць. Упэўнены, што ў гэтым плане змагу адпавядаць узроўню медыялігі.

– Як ідуць справы з блогерамі? Ці ўспрымаюць яны ваш падказ, ці выконваюць увесь аб’ём працы на трэніроўках?

– Магчыма, мы з імі пакуль на розных мовах у плане футбола размаўляем. Але некаторыя з іх (не ўсе) бачаць у мне настаўніка, імкнуцца вучыцца і выконваць усе патрабаванні.

– Хто з блогераў вылучаецца ў футбольным плане?

– Не хачу канкрэтна кагосьці вылучаць. Так, ёсць хлопцы, у якіх ёсць нейкае футбольнае мінулае. Але ў астатнім не ўсе з іх, скажам так, цыгарэтку за вуглом пакурвалі. Нехта і ўрокі фізкультуры наведваў.

– Вы зараз працуеце ў камандзе на грамадскіх пачатках? Ці ёсць нейкі заробак?

– Ніякага заробку ў мяне пакуль няма. У нас новы праект, і на пачатковым этапе мы дамовіліся, што будзем так працаваць. А калі з гэтага нешта атрымаецца, то ўжо тады будзем размаўляць, ацэньваць кожнага іграка паасобку, вырашаць, хто на якія ўмовы можа прэтэндаваць.

– У вялікі футбол плануеце вяртацца? Можа, ужо прапановы былі?

– Не, прапаноў не было. Сёння я заняты працай з «ДМедыя». Спадзяюся праз яе пагрукацца ў вялікі футбол, – сказаў Паўлюковіч.