Усе навіны

Гулец «Асіповічаў» Драздовіч пра рэканструкцыю «Дынама»: «Залез на дах і зразумеў, што будоўля – гэта не маё, я хачу гуляць у футбол»

6 верасня, 17:01

Паўабаронца «Асіповічаў» (Д2) Арцём Драздовіч успомніў аб удзеле ў рэканструкцыі мінскага стадыёна «Дынама».

Нагадаем, на арэне прайшоў матч 1/8 фіналу Кубка Беларусі, у якім сталічнае «Дынама» разграміла «Асiповiчы» (9:0).

– Ваш трэнер Ягор Дзмітрачкоў казаў, што для некаторых футбалістаў каманды матч з «Дынама» стаў вяхой у кар'еры.

– Калі сталі вядомыя вынікі лёсавання, я жартам напісаў у клубным чаце, што будаваў стадыён, на якім будзем гуляць. На трэніроўцы Ягор Дзмітрачкоў падышоў і папрасіў дазволу сказаць пра гэта, калі будуць пытацца. Вядома, я быў не супраць.

Увогуле наш трэнер зрабіў мне такую рэкламу. Потым хлопцы жартавалі. Напрыклад, нехта папрасіў пад'ехаць на дачу і выкапаць траншэю. І ўсё ў такім духу.

– Як вы апынуліся на будоўлі стадыёна «Дынама»?

– Пасля школы паступіў у каледж мантажных тэхналогій. У 2017 годзе скончыў яго і ўладкаваўся на працу ў будтрэст. Усё падабалася, калектыў выдатны, умовы добрыя.

Спачатку працаваў на розных аб'ектах і ўвогуле не думаў пра футбол. Жадаў развівацца ў сферы электрамантажу. Мне заўсёды было цікава, як што падключаецца, я добра чытаў схемы.

Калі нас прывезлі на «Дынама», я залез на дах, паглядзеў на працэс будоўлі. Да таго часу я амаль год працаваў у гэтай сфэры. І вось я стаю на даху і разумею, што гэта не маё і я хачу гуляць у футбол.

Яшчэ падумаў, што было б шыкоўна сыграць на гэтым стадыёне. Гэта без перабольшання, такая думка сапраўды наведала маю галаву. У мяне нават захаваліся фатаграфіі з будоўлі, дзе я ў касцы і вопрадцы.

Тады яшчэ якраз мiнскі «Луч» выходзіў з першай у вышэйшую лігу. Літаральна ў той жа дзень я знайшоў нумар Івана Сяргеевіча Бiёнчыка і патэлефанаваў яму. Ён даў кантакты людзей з дубля. Я звярнуўся туды – і пайшло-паехала.

У мінулым годзе ездзіў у Барысаў на матч БАТЭ з мінскім «Дынама». Сказаў тады сябру, што ў 2023-м згуляю ў Кубку Беларусі на «Барысаў-Арэне». Але атрымалася крыху па-іншаму – згуляў на «Дынама». Аднак не пакідаю спадзяванняў выйсці на поле і ў Барысаве.

– Правільна разумею, што з будаўнічай сферай дзейнасці вы завязалі?

– Так. Вяртацца ўжо не хочацца.

– Цяпер вы толькі ў футболе ці недзе падзарабляеце?

– Чыста футбол, – сказаў Драздовіч.