Усе навіны

Карлас Алос: «У зборнай Беларусі было не так шмат часу на падрыхтоўку, недастаткова трэніровак перад Андорай»

9 верасня, 09:10

Галоўны трэнер зборнай Беларусі Карлас Алос падзяліўся чаканнямі перад сённяшнім матчам з Андорай у кваліфікацыі на Еўра-2024.

– Нягледзячы на свой досвед працы галоўным трэнерам, ці адчуваеце вы мандраж перад першай гульнёй у ролі галоўнага трэнера зборнай Беларусі?

– Улічваючы і тое, што я дэбютую недалёка ад свайго дома, я не адчуваю асаблівых праблем, але пагаджуся, першыя гульні ніколі не бываюць лёгкімі. На жаль, сітуацыю пагаршае і тое, што ў нас было не так шмат часу на падрыхтоўку, нядосыць трэніровак. Нягледзячы на гэта, я паспеў пазнаць гульцоў, адчуць іх. У нас выдатная каманда і, паважаючы Андору, няхай пераможа наймацнейшы.

– Ці змаглі вы рэалізаваць усё жаданае ў трэніровачным працэсе за час знаходжання ў Беларусі?

– Мы сфакусаваліся на самым важным у дадзены момант трэніровачнага працэсу, на чым менавіта – я расказаць не магу. Магу сказаць, што мы не маглі падрыхтаваць каманду так, як хацелі першапачаткова, але я тут не для таго, каб шукаць апраўданні. Я задаволены прагрэсам рабят і якасцю трэніровак і ў нас няма ніводнай прычыны сумнявацца ў сабе.

– Улічваючы шчыльны графік гульняў і пералётаў, ці варта нам чакаць ратацыю складу?

– Паглядзім. Усё, што я магу сказаць – я цалкам давяраю кожнаму з маіх гульцоў. Я першапачаткова ім сказаў: «Будзьце гатовыя адыграць дзве поўныя гульні». У нас будзе дзве розныя гульні і ў кожнага з хлопцаў будзе магчымасць выйсці на поле, кожны павінен быць да гэтага готаў. Давайце дачакаемся фінальнага свістка ў першай гульні, затым будзем казаць пра матч супраць Ізраілю.

– Раней вы казалі пра тое, што ў Капленкі і Клімовіча былі пашкоджанні. Ці гатовы яны гуляць?

– Не зусім пашкоджанні – хутчэй, фізічныя недамаганні. Але зараз яны поўнасцю ўцягнуты ў трэніровачны працэс і гатовы гуляць. Яны вельмі важны для нашага складу.

– У зборную выкліканыя некалькі патэнцыйных дэбютантаў. Як вы ацэньваеце іх шанцы з'явіцца на полі?

– Зразумейце, у нас нацыянальная зборная, сюды не трапляюць проста так. Досвед кожнага з гульцоў дазваляе ім згуляць супраць будучых супернікаў. Усе яны – прафесіяналы і, запэўніваю, кожны варты выйсці на поле.

– Вы ўжо вызначыліся з капітанам каманды?

– Так, ён сядзіць злева ад мяне, гэта Сяргей Паліцевіч. Выбіраючы капітана, мы засноўваліся на найгрышы ў зборнай і здольнасці быць асобай гэтай каманды. Я ўпэўнены ў сваім выбары і ведаю, што Паліцевіч справіцца з гэтай роляй, – сказаў Алос.

Матч Андора – Беларусь распачнецца а 19:00 паводле беларускага часу.