Усе навіны

Абаронца «Слуцка» Былінкін: «У войску трэніруешся сам-насам. Гэта гартуе, шмат што дае»

26 верасня, 08:01

Выхаванец «Слуцка» Мікіта Былінкін распавёў пра тое, як вяртаўся ў родны клуб пасля сезона ў дзяржынскім «Арсенале»:

– Пасля сезону ў «Арсенале» паступіла прапанова. Спачатку я паразмаўляў з Аляксандрам Гурыновічам, які ў цяперашні момант узначальвае каманду. Калі я не памыляюся, гэта была зіма 2021 году. Ён спытаў наконт маіх планаў на наступны сезон і расказаў, што якраз зараз восенню ў «Слуцк» прыйшоў Аляксандр Бразевіч, і ён зацікавіўся ў тым, каб я вярнуўся. Бо я выхаванец «Слуцка», ён сказаў, што гэта было б крута для клуба, каб я вярнуўся і паспрабаваў свае сілы ў камандзе вышэйшай лігі. Але пасля гэтага ўсё супакоілася на той момант. Пасля новага года я пайшоў на чарговы збор у войска і падчас гэтага збору патэлефанаваў сам Аляксандр Вячаслававіч, сказаў, што зацікаўлены, каб я вярнуўся назад у «Слуцк» і працягнуў працаваць у камандзе.

– Але як служба ў войску сумяшчалася з кар'ерай прафесійнага футбаліста?

– Было два выпадкі. Першы – гэта калі я прапускаў перадсезонныя зборы. Другі перыяд – калі я прапускаў прама ў сезоне, калі я ўжо набраў фізічныя кандыцыі. Калі я ўзімку хадзіў на вайсковыя зборы, для мяне гэта больш адбівалася. Зімой жа закладаюцца ўсе базы фізічных якасцей. Думаеш аб тым, што твая каманда зараз трэніруецца, а ты зараз не можаш гэтага сабе дазволіць, таму проста ідзеш і трэніруешся. І мусіць, пасля таго як патрэніраваўся, адчуваеш, што ты выканаў сваю працу, якая і павінна была быць. Так, гэта гартуе, шмат што дае, бо ты знаходзішся сам-насам, таму што ў нас тады ў войску няшмат людзей хадзіла трэніравацца. Спачатку толькі я хадзіў адзін. Пасля таго моманту, як я пачаў хадзіць, людзі гэта заўважылі і пачалі хадзіць адзін, два. Для кагосьці гэта таксама быў прыклад, я лічу, – распавёў Былінкін.