Усе навіны

Трэнер зборнай Беларусі U17 Караткевіч: «Настройваліся толькі на перамогу, вынік чакаемы»

22 кастрычніка, 11:32

Галоўны трэнер зборнай Беларусі U17 Дзмітрый Караткевіч падзяліўся думкамі пасля перамогі ў матчы супраць Шатландыі (3:1) у кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы.

– Ці чакалі вы такі вынік ад хлопцаў?

– Вядома, мы чакалі такі вынік, настройваліся толькі на перамогу і рыхтаваліся да гэтага складанага матчу. Хлопцы дадалі перш за ўсё ў арганізацыі гульні, абарончых дзеяннях, самааддачы, псіхалогіі. І ў контратакуючых дзеяннях мы вельмі выдатна сёння спрацавалі.

– Канцоўка была дастаткова напружаная, моцна нерваваліся?

– Я як трэнер у любым матчы перажываю за каманду. На броўцы вельмі шмат здараецца эмоцый: кіраванне гульнёй, дзесьці не хапіла рэакцыі суддзяў на тое, што адбывалася на полі. Але мы да ўсяго былі гатовыя. Канцоўка атрымалася вельмі напружанай: прапусцілі непатрэбны гол. Ды і ў апошнія 15 хвілін вельмі шмат гульні было каля нашых варот. Але кожны наш футбаліст арганізавана дзейнічаў, дагульваў у абароне і мы выдатна ўцякалі ў контратакі, стварылі шмат момантаў і забілі трэці мяч пад канец другога тайма.

– Як вас сустрэла Турцыя?

– Турцыя сустрэла добрым надвор'ем. Умовы для нас створаны выдатныя: пражыванне, арганізацыя трэніровачнага працэсу – усё на вышэйшым узроўні.

– Які настрой на наступныя матчы?

– Нам трэба будзе згуляць два матчы з моцнымі супернікамі – зборнымі Турцыі і Казахстана. Сёння, дарэчы, яны згулялі паміж сабой унічыю. Гэта сведчыць аб тым, што дзве каманды добрага еўрапейскага ўзроўню. Мы рыхтуемся да бліжэйшага паядынку з поўнай самааддачай, і настройваем нашых футбалістаў толькі на перамогу, – сказаў Караткевіч.

З групы 7, у якой гуляюць Беларусь, Шатландыя, Турцыя і Казахстан, далей выходзяць дзве каманды. Зборныя гуляюць адна з адной па адным матчы.