Усе навіны

Беларускі суддзя: «Галоўны арбітр у ЧБ атрымлівае 140 долараў за матч, а ў Расіі – 2100. Вялікія пытанні, як будуць аплачваць»

30 кастрычніка, 16:00

Дзейны беларускі арбітр падзяліўся меркаваннем наконт магчымага абмену беларускіх і расійскіх суддзяў паміж чэмпіянатамі.

«Яшчэ мне цікава, як працу беларускіх суддзяў у Расіі будуць аплочваць.

Наколькі ведаю, нядаўна наш судзейскі дэпартамент праводзіў даследаванне, вывучаліся заробкі суддзяў краін пастсавецкай прасторы – і Беларусь апынулася на перадапошнім месцы. Галоўны арбітр у Беларусі атрымлівае чыстымі за матч каля 450 рублёў (140 долараў – Tribuna.com), памочнікі – 300 (94 долара – Tribuna.com). І лічбы не мяняюцца ўжо многія гады.

А ў Расіі нядаўна паднялі аплату суддзям, цяпер галоўны атрымлівае за матч 200 тысяч расійскіх рублёў (больш за 2,1 тысячы долараў – Tribuna.com), памочнік – 100 тысяч (больш за тысячу долараў – Tribuna.com).

Калі беларускім суддзям будуць столькі плаціць за працу на матчах РПЛ, то гэта выкліча абурэнне з боку мясцовых арбітраў, бо ў іх забяруць магчымасць зарабляць. Плюс не думаю, што арбітр з Расіі паедзе судзіць «Слуцк» – «Нафтан» за 140 долараў. У гэтым плане вельмі вялікія пытанні», – сказаў арбітр.

Tribuna.com публікуе каментарыі спікераў, якія знаходзяцца ў Беларусі, ананімна для іх бяспекі.