Усе навіны

Ігар Даўгяла: «У канцы матчу выпускаць мяне было б нелагічна. Можа, мы б гулялі ўнічыю ці вялі ў адзін мяч»

14 лістапада, 11:11

Брамнік «Нафтана» Ігар Даўгяла падзяліўся ўражаннямі ад свайго развітальнага матчу – гульні з БАТЭ (0:7) у 28-м туры вышэйшай лігі.

– Чаму прынялі рашэнне завяршыць кар'еру?

– Ну як… Узрост ужо. Што тут дадаць... Так атрымалася.

– Вы згулялі толькі 25 секунд.

– Гэта ўсё чыста сімвалічна. Я асабліва не трэніраваўся ў апошні час. Не гатовы фізічна, трохі і вагу набраў. Але «Нафтан» усё ж такі не чужы для мяне клуб, таму вырашылі зрабіць менавіта так.

– Чаму выйшлі ў пачатку матчу, а не ў канцы?

– Мы не ведалі, які вынік быў бы ў канцы. Можа, гулялі б унічыю ці вялі ў адзін мяч. А ў такой сытуацыі выпускаць мяне было б нелагічна.

– Калі б вы правялі ўвесь матч, лік быў бы менш буйным?

– Ха, невядома. Але заўважу, што за ўсю сваю карʼеру я больш за пяць галоў не прапускаў, – сказаў Даўгяла.