Усе навіны

З «Тотэнхэма» могуць зняць ачкі за ўдзел неліцэнзаванага агента ў трансферы Дэфо ў 2008 годзе

22 лістапада, 10:32

«Тотэнхэму» можа пагражаць зняцце ачкоў у АПЛ, паведамляе The Times.

Выданне апублікавала расследаванне, паводле якога галоўную ролю ў пераходзе з «Тотэнхэма» ў «Портсмут» нападаючага Джэрмэйна Дэфо ў 2008 годзе згуляў неліцэнзаваны агент Мітчэл Томас. У тым жа годзе Футбольная асацыяцыя Англіі забараніла ўдзел неліцэнзаваных агентаў у трансферах. Гэта лічыцца сур'ёзным парушэннем і можа карацца ачковым штрафам або паніжэннем у класе.

За аналагічнае парушэнне ў 2008 годзе знялі 10 ачкоў з «Лутона». 15 гадоў таму незалежная арбітражная панэль разглядала трансфер Дэфо і не знайшла парушэнняў у дзеяннях «Тотэнхэма». Але ў Футбольнай асацыяцыі могуць перагледзець рашэнне пры наяўнасці новых доказаў.

«Тотэнхэм» займае чацвёртае месца ў АПЛ – 26 ачкоў у 12 матчах. Раней з «Эвертана» знялі 10 ачкоў за парушэнне правілаў фінансавага фэйр-плэй. Была інфармацыя, што з «ірысак» могуць зняць яшчэ 9 ачкоў.