Усе навіны

«Барнслі» выключаны з Кубка Англіі за допуск гульца, якога нельга было заяўляць на матч

22 лістапада, 20:36

«Барнслі» паведаміў пра рашэнне Футбольнай асацыяцыі Англіі (ФА) выключыць клуб з нацыянальнага кубка.

Як паведамляе BBC Sport, адбылося гэта з-за допуску Эйдана Марша, які на момант першага матчу з «Харшэмам» быў гульцом іншай каманды. Паколькі каманды згулялі ўнічыю (3:3), быў прызначаны матч-перайгроўка.

У перыяд паміж першым і другім паядынкам «Барнслі» вярнуў Марша з арэнды і заявіў на матч у адказ. Але згодна з правіламі ФА ўдзел у другой гульні дазволены толькі тым гульцам, якія былі ў клубе на момант першай сустрэчы.

«Сёння Футбольная асацыяцыя паведаміла нам, што мы больш не зможам удзельнічаць у бягучым розыгрышы Кубка Англіі.

Мы хацелі б папрасіць прабачэння ў нашых заўзятараў, гульцоў і персанала за гэтую прыкрую памылку. Гэтая памылка, хай і ненаўмысная, не адпавядае высокім стандартам, якіх мы прытрымліваемся, і гэта проста не тое, чаго вы вартыя.

Мы ўжо правялі поўнае ўнутранае расследаванне і ўвялі ў дзеянне меры засцярогі, каб гарантаваць, што падобнае ніколі не паўторыцца», – гаворыцца ў заяве «Барнслі».