Усе навіны

Вадзім Скрыпчанка: «У БАТЭ быў выдатны падбор футбалістаў. Навошта штучна прыніжаць заслужанае чэмпіёнства «Дынама»?»

9 снежня, 08:54
4

Галоўны трэнер мінскага «Дынама» Вадзім Скрыпчанка не разумее, чаму яго клуб дакараюць у атрыманні дапамогі звонку.

Нагадаем, напрыканцы 2022-га «мінспорту» Лукашэнкi стварыла «чорны спіс» футбалістаў, з якімі клубам у рэжымнай Беларусі было забаронена заключаць кантракты. Гэта закранула шэраг гульцоў БАТЭ, «Нёмана», «Тарпеда-БелАЗ» і іншых каманд ЧБ. У склад барысаўскага клуба з пяцi «забаненых» вярнуўся толькі падпісант за рэжым Даніла Нячаеў, што здарылася ў сярэдзіне сезона, а, напрыклад, за «Нёман» непажаданыя «мінспорту» футбалісты так і не згулялі. Мiнскае «Дынама» жа «чорны спiс» не закрануў.

– Мінскае «Дынама» – ваша сёмая каманда ў трэнерскай кар'еры, але ні ў адной не было такога высокага адсотка перамог за год – 72,7. Выходзіць, гэта найлепшы склад з усіх папярэдніх?

– Сапраўды, гэта так. Я ўжо сказаў хлопцам: «Вы найлепшая каманда, з якой мне даводзілася працаваць». З кімсьці мы сышліся ўпершыню, з кімсьці даводзілася супрацоўнічаць у іншых клубах – гэта Рома Бегуноў, Алег Еўдакімаў, Саша Сачыўка, Валодзя Хвашчынскі. Іх дапамога аказалася вельмі карыснай. Яны распавядалі хлопцам пра метады маёй працы, і нам у даволі сціснутыя тэрміны ўдалося стварыць канкурэнтны, баяздольны калектыў, які ўдала стартаваў у чэмпіянаце і правёў яго роўна, без сурʼёзных спадаў. 22 перамогі ў 28 матчах – чэмпіёнскі графік. Кожны, хто гуляў шмат ці мала, унёс сваю лепту. У нас абсалютна калектыўная заслуга ў тым, што мы ўзлезлі на вяршыню.

– «Дынама» ў 28 матчах першынства забіла 72 галы – у сярэднім па 2,6 за гульню. Ці можна сказаць, што гэта стала краевугольным фактарам вашага трыумфу?

– Без сумненняў. Адна справа заяўляць, маўляў, будзем прытрымлівацца наступальнага футбола, і іншае – выбудаваць камандны механізм, правільна размеркаваць ролі, у кароткі тэрмін арганізаваць гульню ў атакуючым стылі. Лічу, нам гэта ўдалося. Прычым з першых тураў. Калі браць статыстыку: толькі ў трох матчах мы не забівалі, усё астатнія – вынiковыя. У любым чэмпіянаце ў каманды, якая шмат забівае, з падборам якасных гульцоў шанцы выйграць золата павялічваюцца ў разы. Але важна разумець, што на адной атацы далёка не зʼедзеш – неабходная і надзейная абарона.

– З гэтым у «Дынама» парадак – менш прапусціла толькі «Тарпеда-БелАЗ».

– Так, у жодзінцаў 18, у нас – 21. Неістотная розніца. Затое наколькі больш мы забілі. Задайцеся пытаннем: ці заслужана мінскае «Дынама» стала чэмпіёнам? Адказ – у статыстычных паказчыках. Забілі больш за ўсіх, высокі працэнт рэалізацыі момантаў, прапушчана на ўзроўні найлепшых каманд, 69 ачкоў у 28 матчах – гэта чэмпіёнскі графік.

– Чэмпіянат стаў незвычайным праз штрафныя санкцыі супраць трох клубаў («Шахцёр», «Энергетык-БДУ» і «Белшына» былі пазбаўленыя ачкоў з-за справы «Шахцёра», аднак на барацьбу за медалі ЧБ-2023 да таго моманту прэтэндаваў толькі салігорскі клуб – Tribuna.com). Не здарся іх, здабыць чэмпіёнскі тытул было б цяжэй?

– Цяжка разважаць ва ўмоўным ладзе. «Шахцёр» мы абыгралі 7 мая, калі ён яшчэ не быў пазбаўлены ачкоў і меў наймацнейшы склад.

Выйгралі ў чацвёртым туры ў БАТЭ. Лічу, са старту сезону барысаўчане былі выдатна ўкамплектаваныя. Гулялі Захар Волкаў, Банэ, Малькевіч, у паўабароне – Бачароў, Грамыка, Грэчыха, Канцавы, Анцілеўскі, у атацы – Лапцеў. Выдатны падбор футбалістаў. Вось хтосьцi кажа, маўляў, мінскаму «Дынама» дапамагаюць. У чым? Навошта штучна прыніжаць наша заслужанае чэмпіёнства?

Скажу шчыра, не чакаў, што асноўным нашым канкурэнтам стане «Нёман». Думаў, гэта будуць «Шахцёр», БАТЭ, «Тарпеда-БелАЗ», магчыма, «Іслач». Але гэта бяда тых клубаў, якія сутыкнуліся з праблемамі. Мы сумленна рабілі сваю працу, – сказаў Скрыпчанка.

Паказаць яшчэ 4