Усе навіны

Чэферын хоча ўнесці змены ў статут УЕФА, што дазволіць яму балатавацца на чацвёрты прэзідэнцкі тэрмін (Daily Mail)

11 снежня, 15:35

Па інфармацыі Daily Mail, цяперашні прэзідэнт УЕФА Аляксандэр Чэферын можа застацца на сваёй пасадзе да 2031 года.

Як паведамляе крыніца, славенец хоча ўнесці змены ў статут арганізацыі, што дазволіць яму балатавацца на чацвёрты прэзідэнцкі тэрмін УЕФА.

Нагадаем, што ў 2016 годзе ён узначаліў арганізацыю пасля адхілення Мішэля Плаціні і займаў гэтую пасаду 2,5 гады. Затым ён пераабіраўся яшчэ двойчы як прэзідэнт УЕФА – у 2019 і 2023 гадах.

Згодна з цяперашнімі правіламі, прэзідэнт УЕФА не можа займаць сваю пасаду больш за тры тэрміны. Чэферын хоча ўнесці змены, якія анулююць любы тэрмін да 2017 года і адпаведна яго першы тэрмін таксама. Дзякуючы гэтаму ён зможа балатавацца на выбарах у 2027 годзе.

Гэтыя змены будуць вынесены на галасаванне на Кангрэсе арганізацыі ў Парыжы.

Галоўным апазіцыянерам гэтай ідэі з'яўляецца член выканаўчага камітэта УЕФА і былы дырэктар «Манчэстэр Юнайтэд» Дэвід Гіл. Ён лічыць, што прапанаваныя папраўкі недэмакратычныя і не адпавядаюць інтарэсам футбола.

Гіл таксама заявіў, што падаўжэнне цяперашняга ліміту для асоб, якія займаюць прэзідэнцкія і кіруючыя пасады, можа вярнуць УЕФА «да старых часоў дрэннага футбольнага кіравання, характэрных для апальнага былога прэзідэнта ФІФА Зепа Блатэра і яго калегі з УЕФА Мішэля Плаціні».

Адзначаецца, што калі праўкі будуць прынятыя, то і сам Гіл зможа застацца на сваёй пасадзе яшчэ на адзін тэрмін.