Усе навіны

Дублі «фінансава забяспечаных» клубаў Д1 прапанавалі ўключыць у Д2

12 студзеня, 12:04

9 студзеня ў АБФФ праходзіла паседжанне Рады клубаў. На ім абмяркоўваўся шэраг пытанняў. Гэта стварэнне Акадэмій футбола пры спартыўных школах, уключаных у структуру клубаў Вышэйшай і Першай лігі ў выглядзе адасобленых структурных падраздзяленняў, а таксама забеспячэнне штогадовай абароны ў АБФФ гадавых планаў падрыхтоўкі каманд Д1 і Д2 галоўным трэнерам каманды.

Але найбольш абмяркоўвалася пытанне аб удзеле дублёраў клубаў вышэйшай лігі ў другой лізе. Прапаноўвалася адмовіцца ад чэмпіянату рэзервовых складаў, а заявіць іх самастойнымі адзінкамі ў другую лігу, пароўну размеркаваўшы па дзвюх зонах (умоўна «Захад» і «Усход»). Пры гэтым яны не разарвуць сувязі з асноўнай камандай клуба: перспектыўныя гульцы могуць выклікацца туды пры неабходнасці без абмежаванняў.

Былі і іншыя прапановы. Першая: рэзервовыя склады моцных і фінансава забяспечаных клубаў уключыць у першую лігу, а астатнія – у другую. Другая: захаваць турнір дублёраў у ранейшым выглядзе. Але гэты пасыл падтрымкі не атрымаў.

Канчатковае рашэнне па ўдзеле рэзервістаў у ніжэйшых лігах будзе прымацца на бліжэйшым паседжанні выканкама БФФ. Ён жа агучыць і суму заявачнага ўзносу для клубаў першай лігі на сезон-2024.