Усе навіны

Раман Бегуноў: «Дынама» выйграла чэмпіянат, зараз нам хочацца большага»

28 лютага, 19:44

Гулец мінскага «Дынама» Раман Бегуноў расказаў, чаго чакае ад чэмпіянату Беларусі сезона-2024.

– «Дынама» ужо правяло шмат таварыскіх матчаў. Кагосьці з супернікаў ужо можаш вылучыць? З кім будзе цікава па чэмпіянаце?

– У прынцыпе, лічу, што гэты чэмпіянат павінен атрымацца даволі цікавым. Ёсць, напрыклад, «Іслач» – каманда добра навучаная. У ёй могуць памяняцца людзі, але ты заўсёды ведаеш, што лёгка з ёю не будзе. Ёсць «Славія», ёсць Брэст, які нядрэнна ўзмацніўся якаснымі футбалістамі. Ну і, натуральна, «Нёман», Жодзіна. Будзе цікава паглядзець на БАТЭ. Каманда зведала сур'ёзную перабудову. Жадаю ім поспехаў у такі няпросты перыяд, але гэты працэс можа зацягнуцца надоўга.

– Чаканні ў заўзятараў на сезон завышаныя. Ад каманды будуць чакаць паўтарэння чэмпіёнства. Плюс, каманда зноў будзе выступаць у еўракубках. Якія асабіста ў цябе чаканні ад сезона?

– Вельмі хвалююча стартаваць у новым сезоне. «Дынама» даўненька не гуляла ў тым жа Суперкубку краіны. Ёсць добрыя шанцы пазмагацца за Кубак Беларусі. Абсалютна ўсе ў нас гараць жаданнем змагацца за кожны трафей. Мы выйгралі чэмпіянат, зараз нам хочацца большага.

Нам трэба будзе выступіць у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. Далёка не ўсе хлопцы ў нас гулялі на такім узроўні. Гэта будзе вельмі цікавы і важны псіхалагічны момант. Узяць хаця б леташні прыклад БАТЭ, дзе каманда вельмі доўга знаходзілася за мяжой, а потым наганяла прапушчаныя матчы ўнутранага чэмпіянату. Будзе цяжка, але старацца неабходна, – выказаўся Бегуноў.