Усе навіны

Анас пра 2:3 з маскоўскім «Дынама»: «Параза ў плэй-оф засмучае і раздражняе – зробім усё, каб серыя вярнулася ў Мінск»

8 сакавіка, 23:00

Нападаючы мінскага «Дынама» амерыканец Сэм Анас пракаментаваў паражэнне ад маскоўскага «Дынама» (2:3 АТ (0:0, 1:0, 1:2, 0:1)) у чацвёртым матчы першага раунда плэй-оф КХЛ.

Адзначым, што хакеіст адкрыў лік на 28-й хвіліне і аддаў асіст.

– Наколькі ўсё ж вось так крыўдна прайграць у авертайме, бо двойчы вялі па ходзе матчу, але давалі суперніку адыграцца?

– Кожная параза ў плэй-оф засмучае і раздражняе. Мы маглі забіраць гэтую гульню, думаю, былі лепшыя і сёння, нашы заўзятары чакалі гэтую перамогу.

– Вы сёння забілі свой першы гол у плэй-оф. Як гэта было зрабіць на перапоўненай «Мінск-арэне» і пачуць скандаванне вашага прозвішча?

– Канешне, гэта неверагодныя пачуцці, калі ўсе заўзятары скандуюць імя і прозвішча пасля закінутай шайбы, неверагодныя эмоцыі! Дзякуй яшчэ ім раз, яны нам надаюць энергію, падтрымліваюць нас усю гульню! Гэта вельмі важна, і мы зробім усё, каб серыя вярнулася сюды ў Мінск, і адбыўся шосты матч.

– Што трэба зрабіць, каб вярнуць серыю ў Мінск і адбылася шостая гульня?

– Па вялікім рахунку нічога мяняць не трэба. Мы ў цэлым добра гулялі, трэба толькі наладзіць дысцыпліну, тое, што вы пыталіся пра выдаленні. А ўвогуле апошнія тры матчы была з нашага боку вельмі добрая гульня і мы па вялікім рахунку дзейнічалі лепш, чым супернік.

– Гулялі лепш, але за ўсю серыю пакуль толькі дзве шайбы ў большасці, што вельмі мала, улічваючы, што спробаў рэалізаваць лішняга ў вас было амаль у два разы больш, чым у суперніка.

– Будзем старацца выпраўляць, будзем рабіць нейкія папраўкі, каб у большасці закідваць больш, – сказаў Анас.