Усе навіны

Кавальчук незадаволены новым фарматам Д3, што распрацавалі ў АБФФ. Ён хоча, каб турнір праходзіў так, як у сезоне-2023

24 сакавіка, 20:00

Як стала вядома «Трыбуне» міністр спорту Лукашэнкі Сяргей Кавальчук незадаволены новым фарматам Д3 і хоча захаваць мінулагодні фармат, дапусціўшы мінімальныя змены.

У 2023 годзе ў другой лізе ўдзельнічалі 95 каманд, якія былі разбітыя на сем дывізіёнаў па рэгіянальным прынцыпе. З 15 красавіка па 24 верасня калектывы праводзілі рэгулярнае першынство, каб выявіць удзельнікаў фінальнага этапа – усяго туды выйшла 16 клубаў. Пасля – з 30 верасня па 19 лістапада – прайшлі матчы групавога этапу з удзелам наймацнейшых каманд, чвэрцьфіналы, матчы за 5-8 месцы, паўфінал, а таксама гульні за бронзу і золата.

У новым жа сезоне АБФФ вырашыла змяніць фармат Д3, па сутнасці, вярнуўшыся да сістэмы правядзення, якая існавала раней: у АБФФ вырашылі адысці ад гэтай практыкі і пакінуць у Д3 34 канкурэнтаздольныя калектывы (у іх ліку – 12 дубляў клубаў вышэйшай лігі), астатнія – адправіць у Д4.

Усе ўдзельнікі Д3 падзеленыя па геаграфічным прынцыпе на тры зоны: «Поўнач», «Захад», «Усход». Спачатку ў зонах пройдзе рэгулярны чэмпіянат, удзельнікі правядуць прыкладна па 20 матчаў у два колы. Далей будуць сфармаваныя шэсць груп па шэсць каманд: пераможцы груп утвораць свой секстэт, і гэтыя калектывы будуць змагацца за чэмпіёнства. Па выніках чатыры топ-калектыва групы найлепшых атрымаюць права на павышэнне ў класе. Плэй-оф, які быў раней, не прадугледжаны.

Кавальчук выступае супраць дзяленні каманд па рэгіянальным прынцыпе на зоны, а хоча іх усе разбіць на два дывізіёна (А і В) – нібыта па просьбе «футбольных людзей», якія быццам бы просяць чыноўніка паўплываць на АБФФ.

Ніхто з крыніц «Трыбуны» не ўяўляе, хто з'яўляецца гэтымі «футбольнымі людзьмі». Пры гэтым нашы суразмоўцы казалі, што ў большасці сваёй функцыянеры, трэнеры, ды і самі гульцы ўжо настолькі стаміліся ад канфрантацыі Кавальчук – Шарснёў, што гатовыя прыняць любое рашэнне па сезоне-2024 у міноры.