Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Лукашэнка дзівіўся, што бос АБФФ і псеўдаміністр не могуць ужыцца, а яны заеліся зноў – цяпер праз фармат Д3

Лукашэнка дзівіўся, што бос АБФФ і псеўдаміністр не могуць ужыцца, а яны заеліся зноў – цяпер праз фармат Д3

Чый падыход вам бліжэйшы?

Аўтар — bytribuna com
24 сакавіка, 16:00
1
Лукашэнка дзівіўся, што бос АБФФ і псеўдаміністр не могуць ужыцца, а яны заеліся зноў – цяпер праз фармат Д3

27 красавіка павінен стартаваць чэмпіянат Беларусі ў другой лізе (трэці па ліку дывізіён), удзел у ім, па плане, прымуць 34 калектывы, а не 95, як год таму. І нібыта ўжо ўзгоднены праект правядзення спаборніцтваў, а неўзабаве павінна адбыцца лёсаванне. Аднак за месяц да старту шмат што можа памяняцца – як фармат, так і склад удзельнікаў Д3. І зноў у справу ўмяшаўся Сяргей Кавальчук, які пастаўлены Лукашэнкам надзіраць за спортам. Так званы міністр распачаў чарговае супрацьстаянне з главой федэрацыі футбола Мікалаем Шарснёвым. «Трыбуна» дазналася пра дэталі.

Што было і як памянялі фармат Д3?

У 2023 годзе ў другой лізе ўдзельнічалі 95 каманд, якія былі разбітыя на сем дывізіёнаў па рэгіянальным прынцыпе. З 15 красавіка па 24 верасня калектывы праводзілі рэгулярнае першынство, каб выявіць удзельнікаў фінальнага этапа – усяго туды выйшла 16 клубаў. Пасля – з 30 верасня па 19 лістапада – прайшлі матчы групавога этапу з удзелам наймацнейшых каманд, чвэрцьфіналы, матчы за 5-8 месцы, паўфінал, а таксама гульні за бронзу і золата. Пераможцам Д3 стаў «Партызан» з Салігорска, другое месца занялі «Крумкачы», а бронза дасталася брэсцкаму «Цэнтру футбола». Усе гэтыя каманды атрымалі права заявіцца ў Д2, але з розных прычынаў ад магчымасці адмовіліся.

У новым жа сезоне АБФФ вырашыла змяніць фармат Д3, па сутнасці, вярнуўшыся да сістэмы правядзення, якая існавала да ўмяшання псеўдаміністра спорту Сяргея Кавальчука. Менавіта гэты чынуша некалькі гадоў таму падштурхнуў Базанава абʼяднаць другую лігу (Д3) і чэмпіянаты абласцей, з-за чаго тры апошнія гады ў адной лізе гулялі мужыкі, якія збіраюцца па выходных, каб паганяць мяч, а затым папіць піўка, і каманды, якія трэнуюцца пяць разоў на тыдзень і ставяць перад сабой больш высокія задачы. Таму ў Д3 сустракаліся вынікі з розніцай 25+ мячоў, а больш за паўсотні матчаў мінулага сезона наогул не адбылося праз недаезды.

У АБФФ вырашылі адысці ад гэтай практыкі і пакінуць у Д3 34 канкурэнтаздольныя калектывы (у іх ліку – 12 дубляў клубаў вышэйшай лігі), астатнія – адправіць у Д4.

Усе ўдзельнікі Д3 падзеленыя па геаграфічным прынцыпе на тры зоны: «Поўнач», «Захад», «Усход». Спачатку ў зонах пройдзе рэгулярны чэмпіянат, удзельнікі правядуць прыкладна па 20 матчаў у два колы. Далей будуць сфармаваныя шэсць груп па шэсць каманд: пераможцы груп утвораць свой секстэт, і гэтыя калектывы будуць змагацца за чэмпіёнства. Па выніках чатыры топ-калектыва групы найлепшых атрымаюць права на павышэнне ў класе. Плэй-оф, які быў раней, не прадугледжаны.

Калі ў топ-4 патрапяць дублі, яны будуць гуляць пераходныя матчы з найгоршымі дублямі Д2 (па новым рэгламенце ў першай лізе не могуць адначасова гуляць больш за чатыры фарм-клубы).

Каманды, якія зоймуць апошнія месцы ў зонах Д3, правядуць міні-турнір паміж сабой. Найгоршы калектыў вылеціць у Д4, адкуль, у сваю чаргу, у другую лігу перад сезонам-2025 паднімуцца чатыры каманды, дзякуючы чаму колькасць удзельнікаў турніру вырасце да 36.

Што да Д4, то бок рэгіянальнай лігі, у ёй у 2024-м, як плануецца, выступяць больш за 80 калектываў. Правядзеннем рэгулярнага сезона і фармаваннем складу ўдзельнікаў займаюцца рэгіянальныя федэрацыі. Пасля рэгуляркі запланаваны плэй-оф, які пачынаецца з 1/8 фіналу. З гэтага моманту арганізацыяй спаборніцтваў будзе займацца ўжо АБФФ.

Як стала вядома «Трыбуне», федэрацыя мяняе Д3, каб знізіць колькасць сустрэч паміж камандамі, чый узровень адрозніваецца ў разы, а таксама каб паменшыць колькасць недаездаў і зняццяў з турніраў. Чыста аматарскія калектывы спусцілі ў Д4, а ў Д3 пакінулі найболей моцныя каманды мінулага сезона, дадаўшы да іх дублі 12 прадстаўнікоў «вышкі». Па нашых звестках, супраць такога фармату не выказаўся ніводны ўдзельнік канферэнцыі АБФФ, якая прайшла ў сярэдзіне сакавіка.

АБФФ зноў сустрэла супраціўленне Кавальчука

Хоць справа і выглядала вырашанай, знайшоўся той, хто выступіў супраць рэформы мінора. Гэта так званы міністр спорту Сяргей Кавальчук, у якога ўжо даўно ідзе адкрытая канфрантацыя са старшынём АБФФ Мікалаем Шарснёвым. На гэта нават у сябе на нарадзе зважаў дыктатар Аляксандр Лукашэнка.

Дык вось, па нашых звестках, Кавальчук мае намер у што б там ні было захаваць леташні фармат турніру, дапусціўшы хіба што невялікія змены. Ён супраць дзяленні каманд па рэгіянальным прынцыпе на зоны, а хоча іх усе разбіць на два дывізіёна (А і В) – нібыта па просьбе нейкіх «футбольных людзей», якія быццам бы просяць чыноўніка паўплываць на АБФФ.

«Трыбуна» паразмаўляла са шматлікімі прадстаўнікамі айчыннага футбола, і ніхто з нашых суразмоўцаў нават не ўяўляе, хто ж гэтыя неабыякавыя «футбольныя людзі». Пры гэтым нашы суразмоўцы казалі, што ў большасці сваёй функцыянеры, трэнеры, ды і самі гульцы ўжо настолькі стаміліся ад канфрантацыі Кавальчук – Шарснёў, што гатовыя прыняць любое рашэнне па сезоне-2024 у міноры. Абы, як сказаў адзін з суразмоўцаў, скончыўся гэты цырк і нічога не перашкаджала «проста развіваць футбол і думаць толькі пра спорт».

Па нашай інфармацыі, шмат што, калі не ўсё, наконт фармату Д3 можа вырашыцца 26 сакавіка. На гэты дзень запланаваная нарада ў Кавальчука, куды павінны прыбыць прадстаўнікі ўпраўленняў спорту па абласцях і Мінску, а таксама кіраўнікі абласных федэрацый футбола. Кавальчук будзе пераконваць удзельнікаў нарады, што фармат АБФФ зʼяўляецца няўдалым, і што трэба вярнуцца да схемы, якая была ў мінулым годзе, то бок амаль з сотняй каманд. На думку чынушы (і, вядома ж, ягоных «футбольных людзей»), такі фармат цікавейшы, таму што аматары могуць гуляць з камандамі больш высокага рангу, а гэта нібыта спрыяе росту калектываў і, уласна, саміх гульцоў. Пры гэтым бязладдзе ў выглядзе дзікіх разгромаў, недаездаў і датэрміновых зняццяў Кавальчука не хвалюе.

Па нашых дадзеных, Шарснёў адступацца ад сваіх ідэй не мае намеру, і ён будзе сярод удзельнікаў нарады.

Як нам удалося даведацца, Кавальчук ужо ўключыў адміністрацыйны рэсурс для прасоўвання сваіх «ідэй». Клубы атрымліваюць намёкі, што калі яны падтрымаюць фармат Д3 ад АБФФ, то могуць пазбавіцца фінансавай падтрымкі і ад лукашэнкаўскага рэжыму, і ад спонсараў, з якімі будзе весціся асобная размова. Гэтую інфармацыю «Трыбуне» пацвердзілі некалькі крыніц, звязаных з другой лігай.

Праўда, пакуль гэтыя пагрозы не маюць катэгарычнага характару. Проста «зверху даюць зразумець, што лепш для ўласнага дабрабыту ўстаць на бок Кавальчука і падтрымаць яго». Некаторыя нашы суразмоўцы, якія ў курсе сітуацыі, мяркуюць, што ў новай серыі супрацьстаяння былога ахоўніка Лукашэнкі і АБФФ перамогу атрымае менавіта псеўдаміністр, бо ў яго куды больш адміністрацыйнага рэсурсу і ўплыву.

Іншыя пасты блога

Усе пасты