Усе навіны

Аляксандр Ануфрыеў: «Не планаваў сыходзіць з «Гомеля», пакуль не атрымаў прапанову ад БАТЭ»

27 сакавіка, 22:35

Хаўбэк БАТЭ Аляксандр Ануфрыеў расказаў, як прыняў рашэнне вярнуцца ў Барысаў.

– Чаму вырашылі змяніць клуб?

– БАТЭ мае для мяне вялікае значэнне. Заўсёды хацеў гуляць у барысаўскай камандзе. Як толькі мне паступіла прапанова аб супрацоўніцтве, адразу пагадзіўся. На фінішы мінулага сезона са мной звязаўся трэнер Уладзімір Нявінскі і сказаў, што ў БАТЭ ёсць цікавасць да маёй персоны. А ўжо пасля гэтай размовы на мяне выйшлі кіраўнікі клуба. Доўга я не разважаў.

– На той момант вы ўжо планавалі пакідаць «Гомель» пасля заканчэння сезона?

– Не. Я прыняў гэтае рашэнне толькі пасля таго, як атрымаў прапанову ад БАТЭ. Першапачаткова мяняць клуб не планаваў. У «Гомелі» усё задавальняла – і трэнерскі штаб, і калектыў. Я сябе там камфортна адчуваў. Аднак калі паступае такая прапанова, то ім трэба карыстацца. Усё ж такі шанц даецца не заўсёды і не ўсім.

– Ці былі на той момант іншыя прапановы?

– Так, і з Беларусі, і з-за мяжы, але, як я сказаў, мяняць клуб не планаваў. Толькі пасля таго, як на мяне выйшаў БАТЭ, перагледзеў сваё рашэнне. Зразумеў, што хачу гуляць за барысаўскі клуб, і гэты варыянт мне бліжэй.

– Вы пачыналі прафесійную кар'еру ў БАТЭ. Якія былі першыя эмоцыі пасля вяртання?

– Убачыў, што нічога глабальна не памянялася. Нават кухары тыя ж засталіся, якія былі да майго сыходу. І супрацоўнікі базы працуюць ранейшыя. Хаця столькі часу прайшло. Усё тыя ж вулачкі, пакойчыкі, ды нават дрэвы ў акрузе. Галоўныя змены закранулі кіраўніцтва клуба і трэнерскага штаба, а ўсё астатняе засталося ранейшым, – сказаў Ануфрыеў.