Усе навіны

Іспанскі тэлеканал звольніў былога памочніка Сімеонэ ў «Атлетыка» з-за расісцкіх выказванняў у адрас гульца «Барселоны» Ламіна Ямаля

12 красавіка, 13:20

Іспанскі тэлеканал Movistar звольніў Хермана Бургоса пасля няўдалага каментара пра футбаліста «Барселоны» Ламіна Ямаля.

Прадстаўнікі «Барселоны» і «ПСЖ» адмовіліся даваць пасляматчавыя каментары іспанскаму тэлеканалу Movistar пасля першага матча 1/4 фіналу Лігі чэмпіёнаў з-за выказвання каментатара і былога памочніка Дыега Сімеонэ ў «Атлетыка» Хермана Бургоса.

Падчас перадматчавай студыі Бургос пракаментаваў відэа, на якім вінгер «Барселоны» рабіў трукі з мячом на размінцы перад гульнёй.

«Калі ў футбол у яго не атрымаецца, ён можа быць (працаваць – заўв.) на святлафоры», – сказаў Бургос.

Каментарый быў прызнаны расісцкім і класава няроўным у яго намёку на тых, хто просіць грошай у вадзіцеляў, якія спыняюцца на святлафоры.

«Я б хацеў, каб у мяне былі такія здольнасці, як у гэтага дзіцяці. Гэта быў каментар, зроблены без намеру каго-небудзь пакрыўдзіць. Мы гаворым пра футбол, ні пра што іншае. Калі ён адчуваў сябе пакрыўджаным – мне шкада, я публічна прашу прабачэння. Я не меў злога намеру. Часам гумар пагражае непрыемнасцямі. У гэты час трэба адаптавацца да ўсяго, і гэта тое, што мы робім», – папрасіў прабачэння Бургос.

11 красавіка тэлекампанія Movistar у сваёй заяве прынесла прабачэнні і заявіла, што асуджае любы тып дыскрымінацыі і не дазволіць падобнага роду каментары ад любога з супрацоўнікаў або суаўтараў, звязаных з платформай. Таксама кампанія прыме адпаведныя меры, каб гарантаваць, што гэтыя падзеі не адбудуцца зноў. Супрацоўніцтва тэлекампаніі і Бургоса было спынена.

Херман Бургос – былы футбаліст «Мальёркі», «Атлетыка» і зборнай Аргенціны. З 2011 па 2020 год быў памочнікам Дыега Сімеонэ ў мадрыдскім клубе.