Усе навіны

Трэнер Беларусі U-17 Караткевіч: «Рэформы АБФФ – правільныя, накіраваныя на развіццё нашага юнацкага футбола»

17 красавіка, 17:17

Галоўны трэнер зборнай Беларусі U-17 Дзмітрый Караткевіч пракаментаваў рэформы АБФФ у беларускай футбольнай пірамідзе.

– Пагаворым пра тыя рэформы, якія АБФФ рэалізавала ў мінорных лігах. На ваш погляд, ці правільна паступіла Федэрацыя, рэфармаваўшы другую і трэцюю лігі? І што яшчэ можна было б зрабіць?

– Я лічу, што гэтыя рэформы – правільныя, накіраваныя на развіццё нашага юнацкага футбола. Калі аналізаваць выступы нашых зборных U-19 у апошнія гады, то можна адзначыць, што мы не маглі пахваліцца выхадам у элітны раўнд чэмпіянату Еўропы. Адна з прычын гэтага, на мой погляд – тое, што нашы гульцы «захрасаюць» у развіцці на нейкім прамежкавым этапе.

Ёсць некалькі гульцоў, якія падцягваюцца да асноў каманд вышэйшай лігі, і маюць невялікую колькасць гульнявога часу. Але на жаль, у кожным скліканні зборнай – літаральна адзін-два такія футбалісты. Астатнія гульцы маюць гульнявую практыку 10-15 хвілін, выходзячы на замену. Альбо выступаюць у першынстве ліцэнзавання U-18, ці ж у дублях.

А ўзровень супраціву ў такіх гульнях і блізка не адпавядае ўзроўню каманд-удзельніц чэмпіянату Еўропы U-19. І каб гэты ўзровень вырас – неабходна рэфармаваць спаборніцтвы. Калі нашы гульцы змогуць мець добрую гульнявую практыку на ўзроўні першай лігі, то я перакананы, што гэта адназначна стане крокам наперад для кожнага нашага футбаліста, і для зборнай U-19 у цэлым, – сказаў Караткевіч.