Усе навіны

Брамнік «Гомеля» Нячаеў: «У мяне такое ўпершыню ў карʼеры, калі тры гульні запар прызначаюць пенальці»

3 траўня, 12:35

Брамнік «Гомеля» Аляксандр Нячаеў падзяліўся меркаваннем, як ягоная каманда стартавала ў чэмпіянаце.

– У «Гомеля» на старце сезона даволі цяжкі каляндар, таксама некалькі разоў крыўдна гублялі балы. Раскажыце, як каманда спраўляецца з усім гэтым?

– Каляндар няпросты, на кожны з праведзеных матчаў мы выходзілі і стараліся набіраць максімальную колькасць ачкоў, дзесьці ўдача адкрыта адварочвалася ад нас, але гэта не падстава адчайвацца, а наадварот – добры стымул працаваць яшчэ больш і лепш.

– У браму «зялёна-белых» ужо тры разы білі пенальці сёлета. Як вы рыхтуецеся да 11-метровым? Спрабуеце адгадаць, куды прабʼе гулец або рэагуеце па ўдары?

– Вельмі непрыемны момант. У мяне такое ўпершыню ў карʼеры, калі тры гульні запар прызначаюць пенальці. Вядома, у нас ёсць пэўная тактыка і рэкамендацыі пры прабіцці 11-метровых.

– Ці ёсць у вас нейкія асаблівыя рытуалы перад гульнёй? Напрыклад, як былі ў Арцёма Раброва або Ікера Касільяса.

– Нейкіх асаблівых рытуалаў няма, адзінае, магу адзначыць, што перад кожным сезонам я на пальчатках набіваю імёны жонкі і дачкі – гэта мае галоўныя заўзятары.

– У нашым чэмпіянаце зʼяўляецца ўсё больш маладых футбалістаў. Ці ёсць розніца паміж пакаленнямі? Як яны трэніруюцца і наколькі гатовыя аддавацца футболу?

– Розніца паміж пакаленнямі адчувальная. У сучасным футболе, мне здаецца, гульцы сталі менш выніковымі.

– Не адыходзячы далёка ад тэмы. Як вы лічыце, ёсць адрозненні ў падыходзе да трэніровачнага працэсу паміж нашымі спартсменамі і легіянерамі?

– Запазычыць нейкія змены айчыннаму футболу можна. Пакуль у мяне ёсць адзін замежны вопыт, і, абапіраючыся на яго, магу сказаць, што за мяжой больш увагі надаюць стану здароўя спартсменаў, сочаць за якасцю харчавання, аднаўленнем гульцоў, – сказаў Нячаеў.